Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарбунова выступіла ў Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША з жоўтаю біркаю палітзьняволенай


Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова
Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова

Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК) у сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова выступіла на ўрачыстым прыёме, які правёў дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен.

Як адзначае прэс-служба АПК, на знак салідарнасьці з палітвязьнямі Гарбунова выступала з жоўтай біркай — такія ў беларускіх калёніях прымушаюць насіць асуджаных з палітычных матываў.

Прадстаўніца кабінэту зьвярнула ўвагу прысутных на парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, дыскрымінацыю жанчын, жахлівыя ўмовы ўтрыманьня палітвязьняў.

Таксама яна падзякавала Дзяржаўнаму дэпартамэнту за прысуджэньне Міжнароднай прэміі за адвагу (IWOC), якую Гарбунова атрымала 4 сакавіка з рук Блінкена і першай лэдзі ЗША Джыл Байдэн.

«Два гады таму ў гэты дзень я была ў сьледчым ізалятары, мяне затрымалі за ўдзел у мірных акцыях пратэсту і пасадзілі ў камэру на шэсьць месяцаў проста таму, што я не маўчала. Там былі гвалт, пагрозы пазбавіць бацькоўскіх правоў, катаваньні холадам, адсутнасьць мэдычнай дапамогі. Да мяне не прапусьцілі ніводнага ліста ад дачкі, хоць яна пісала кожны дзень», — сказала Гарбунова.

Яна сказала, што ў беларускіх турмах палітвязьняў пазначаюць жоўтай біркай, і нагадала, што «мінімум пяцёра палітзьняволеных ужо загінулі ў няволі, а шасьцёра зьніклі». «Мы ня ведаем, дзе гэтыя людзі, яны ня маюць сувязі з вонкавым сьветам», — дадала яна.

Паводле яе словаў, несправядлівы суд раней прыгаварыў яе да 3 гадоў абмежаваньня волі. «Ратуючыся ад паўторнага крымінальнага перасьледу, я была вымушаная пакінуць свой дом. Я была ў роспачы. Мне было балюча разьвітвацца зь сям’ёй. Я была вымушаная аднойчы ноччу пералезьці праз высокі плот беларуска-літоўскай дзяржаўнай мяжы і папрасіць прытулку. Я вельмі раззлавалася — і не здалася. І я не здаюся. Кожны дзень я працую над тым, каб дапамагаць палітвязьням і іхным сем’ям, шукаю шляхі іх вызваленьня», — падкрэсьліла Гарбунова.

  • Вольга Гарбунова — актывістка, былая кіраўніца арганізацыі «Радзіслава», якая дапамагала жанчынам, што пацярпелі ад хатняга гвалту.
  • Гарбунову затрымалі 9 лістапада 2021 году, пасьля затрыманьня амаль два тыдні яна трымала галадоўку ў менскім CІЗА-1. 6 траўня 2021 году суд пастанавіў прызнаць Гарбунову вінаватай у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу) і пакараць абмежаваньнем волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу на тры гады. Актывістку адпусьцілі з-пад варты ў залі суду, яна пакінула Беларусь.

Што такое Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі

На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні 9–10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб стварэньні Аб'яднанага пераходнага кабінэту, які будзе працаваць на галоўныя мэты:

  • Абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыцьцявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
  • Аднавіць канстытуцыйную законнасьць і правапарадак.
  • Распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненьні незаконнага ўтрыманьня ўлады, забясьпечыць транзыт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзеньня сумленных і свабодных выбараў.
  • Распрацоўваць і выконваць рашэньні, неабходныя для дасягненьня дэмакратычных перамен у Беларусі.
  • І ў выніку гэтага павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні.

У складзе Кабінэту пад кіраўніцтвам Ціханоўскай сярод іншых працуюць:

  • Павал Латушка — прадстаўнік Кабінэту па транзыце ўлады;
  • Аляксандар Азараў — па аднаўленьні правапарадку;
  • Валер Кавалеўскі — па замежных справах;
  • Валер Сахашчык — па абароне і нацыянальнай бясьпецы;
  • Вольга Гарбунова — прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях;
  • Аліна Коўшык — прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні.

Аб’яднаны пераходны кабінэт Ціханоўскай заявіў, што пачынае рыхтаваць беларусаў да старту пляну «Перамога».

Аб’яднаны пераходны кабінэт патрабуе і будзе дабівацца безумоўнага вываду ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі з тэрыторыі Беларусі.

Аб’яднаны пераходны кабінэт заснаваў Місію дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі і накіраваў свайго прадстаўніка ў Кіеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG