У Генэральнай пракуратуры Расеі 13 жніўня паведамілі аб прызнаньні непажаданай на расейскай тэрыторыі дзейнасьці замежнай арганізацыі Belsat, Belsat TV, Belarusian Satellite (Польшча).
Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, прычынай гэтага рашэньня стала нібыта «дыскрэдытацыя ўнутранай і зьнешняй палітыкі расейскіх уладаў, стварэньне нэгатыўнага вобразу Расеі і крытыка інтэграцыйных працэсаў у межах саюзнай дзяржавы».
Паводле Генпракуратуры Расеі, «варожая дзейнасьць» тэлеканалу ўзмацнілася пасьля пачатку «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» ва Ўкраіне.
З гэтай нагоды кіраўніцтва тэлеканалу «Белсат» выступіла з заявай.
Выканаўца абавязкаў дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі паабяцаў, што гэта не перашкодзіць гледачам і чытачам мець доступ да праўдзівай і свабоднай ад прапаганды інфармацыі, і што гэта чарговая праява ў доўгім спісе рэпрэсіяў, якія за 17 гадоў існаваньня закранулі «Белсат» і яго журналістаў за тое, што яны сумленна і бескампрамісна робяць сваю працу.
«26 студзеня рэдакцыя «Вот так» – арыентаваная на карыстальнікаў расейскамоўнага парталу і навіновай праграмы – унесеная Крамлём у рэестр «замежных агентаў». А ў 2021 годзе пастановамі беларускіх судоў тэлеканал, сайт і ўсе інтэрнэт-профілі прызнаныя экстрэмісцкімі і пагрозаю грамадзкаму парадку. Цяпер у лукашэнкаўскіх турмах застаюцца 17 працаўнікоў «Белсату» – гэта цудоўныя людзі, якія, нягледзячы на небясьпеку, ніколі не пераставалі быць журналістамі.
Дакумэнт Генпракуратуры дае расейскім уладам новыя магчымасьці для ўскладненьня нашай працы, у тым ліку крымінальны перасьлед. Уся каманда «Белсату» перажывае за лёс сваіх калег, якія застаюцца на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі. Акурат іхную працу Крэмль лічыць непажаданаю дзейнасьцю і спрабуе яе перадухіліць. Мы не здаёмся. Мы будзем працаваць гэтак жа – толькі з большай асцярожнасьцю, – бо ўспрымаем сёньняшнюю пастанову як праяву найвышэйшага прызнаньня, якое можа атрымаць незалежны журналіст».
Навіну таксама пракаментаваў выканаўца абавязкаў намесьніка дырэктара «Белсату» Сяргей Пеляса:
«Гэта крок, які мы ўспрымаем сур’ёзна, таму што «Белсат» – гэта відэа, якія таксама працуюць для аўдыторыі Расеі. Асабліва нашая расейскамоўная рэдакцыя «Вот так» і «Вот так TV» закранутыя гэтым рашэннем расейскіх уладаў. Аднак у самім тэксце рашэньня ёсць некаторыя памылкі. Вось напрыклад: адной з задач зьяўляецца «дыскрэдытацыя ўнутранай і замежнай палітыкі расейскіх уладаў», «стварэнне нэгатыўнага вобразу нашай краіны». Гэта няпраўда: «Белсат» не займаецца дыскрэдытацыяй расейскіх уладаў або стварэннем нейкага негатыўнага вобразу Расеі, у нашым калектыве працуюць таксама і расейцы. Дыскрэдытацыяй расейскай улады займаюцца самі расейскія ўлады».
- Belsat — тэлеканал, створаны паводле дамовы між Міністэрствам замежных спраў Польшчы і АТ «Польская тэлевізія». Вяшчаньне ажыцьцяўляецца на беларускай, расейскай і ўкраінскай мовах.
- Сёлета польскія ўлады вырашылі рэфармаваць дзейнасьць каналу — у ліпені заявілі, што яго ўключаць у склад новай польскай мэдыяструктуры, Цэнтру замежных праграмаў (ЦЗП).
- У склад ЦЗП, акрамя «Белсату», увойдуць расейскамоўны канал «Вот так» і «ўкраінская рэдакцыя». Плянуецца, што новая структура пачне працаваць 1 сакавіка 2025 году. Кіраваць ЦЗП будзе TVP World.