Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нядопуск назіральнікаў, «карусель», электроннае галасаваньне і дзеці на ўчастку: як праходзяць рэгіянальныя выбары ў Расеі


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Выбары ў Расеі
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Выбары ў Расеі

У першы дзень галасаваньня на рэгіянальных выбарах у Расеі масава не дапускалі назіральнікаў, была зафіксавана як мінімум адна «карусель» і адзін выпадак скупкі галасоў, паведамляе руская служба Радыё Свабода. За ходам галасаваньня ў Расеі сочаць «Голос» і «Выборы, всем ЦЫК!»

Так, на ўчасткі ў Краснасельскім раёне Пецярбурга не пусьцілі 112 назіральнікаў. Камісіі сьцьвярджаюць, што тых няма ў сьпісах. Раней паведамлялася, што тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі раёну не працавалі ў дні падачы сьпісаў назіральнікаў — і кандыдатам давялося адправіць іх па электроннай пошце.

Назіральнікаў адмовіліся ўпускаць на ўчасткі і ў Маскоўскім раёне Пецярбурга, таксама заявіўшы, што іх няма ў сьпісах. Спробы кандыдата, які накіраваў назіральнікаў, высьветліць, у чым справа, посьпехам не ўвянчаліся: у памяшканьне выбарчай камісіі яго не пусьцілі, на званкі не адказалі.

Аб праблемах з допускам назіральнікаў паведамлялі таксама з Бранску. У падмаскоўных Даўгапрудным і Каралёве, а таксама ў Хабараўску ўжо дапушчаным назіральнікам забаранілі хадзіць па ўчастку і весьці здымку. У Маскве ад працы адхілілі нават сябра камісіі — за тое, што ён адмовіўся выконваць ролю «навігатара» і перамяшчаўся па ўчастку.

Таксама ў падмаскоўным горадзе Даўгапрудны затрымалі «карусельшчыка»: мужчына ў зялёнай футболцы і сонцаахоўных акулярах здолеў прагаласаваць на некалькіх участках. У выніку яго забрала паліцыя. Пра «карусель» паведамляў таксама кандыдат у гарсавет падмаскоўных Мыцішчаў — аднак пазьней, пасьля размоваў з тэрытарыяльнай выбарчай камісіяй, ён заявіў, што выбарнікі «проста вельмі доўга і ўпарта шукалі свае ўчастковыя выбарчыя камісіі».

Кандыдату ў гарсавет Новасібірска, які прыехаў на выбарчы ўчастак, прапанавалі прагаласаваць за ягоную канкурэнтку — за 500 рублёў. «Усё запісана на відэа», — адзначыў кандыдат, паабяцаўшы зьвярнуцца ў паліцыю і выбаркам.

Выданьне «Агенцтва» ў публікацыі за 6 верасьня пра спробы ўладаў падвысіць яўку напісала пра масавы прывод на выбарчыя ўчасткі выхаванцаў дзіцячых садкоў.

«Агенцтва» піша, што выявіла да канца першага дня галасаваньня ў суполках дзіцячых садкоў і мясцовых уладаў ва «УКантакце» больш за 30 справаздач, якія дакумэнтуюць наведваньне выхавацелямі разам зь дзецьмі выбарчых участкаў у 11 рэгіёнах Расеі. Больш за ўсё паведамленьняў апублікавана ў акаўнтах Валгаградзкай вобласьці і Габрэйскай аўтаномнай вобласьці. У шэрагу выпадкаў зьяўленьне дзяцей на ўчастках тлумачылі як «экскурсію». У Кемераўскай вобласьці на адным з участкаў выхаванцаў дзіцячых садоў прымусілі танчыць, гаворыцца ў матэрыяле.

За некалькі апошніх выбараў ужо звыклым мэтадам прымусу да галасаваньня ў Расеі стала электроннае галасаваньне (ДЭГ): выбарнікаў «заганялі» галасаваць праз інтэрнэт на працы, адзначае руская служба ВВС. ДЭГ уладкаванае непразрыста, за ім немагчымае незалежнае назіраньне. Масква была «перадавым» рэгіёнам, дзе гэтае галасаваньне апрабавалі і шырока ўжывалі.

На гэтых выбарах у Маскве выбарнікі спрабуюць прагаласаваць папяровымі бюлетэнямі: іх выдаюць толькі па заяве. Некаторым гэта ўдаецца — з дапамогай доўгіх перакананьняў, паліцыі або дэпутатаў. Пазьней у маскоўскім Грамадзкім штабе па назіраньні за выбарамі сказалі, што магчымасьць прагаласаваць папяровым бюлетэнем засталася — калі ёсьць «важкая прычына».

«Усе, хто хоча атрымаць папяровы бюлетэнь, яго атрымліваюць», — заявілі ў штабе. Электронным спосабам (ДЭГ) на выбарах у Масгардуму прагаласавалі ўжо 32% выбарнікаў. Магчымасьць прагаласаваць папяровым бюлетэнем без папярэдняй заявы пацьвердзіла і кіраўнік ЦВК Расеі Эла Памфілава на брыфінгу з раніцы ў суботу, 7 верасьня.

Выбары праходзяць у штатным рэжыме, заявіла Памфілава. Паводле яе, з пачатку галасаваньня на сыстэмы ДЭГ было зафіксавана больш за 4,6 тысячы атак.

Шматдзённае галасаваньне і электроннае галасаваньне (ДЭГ), якое будзе выкарыстоўвацца ў некаторых рэгіёнах, павышаюць рызыку фальсыфікацый, ужо некалькі гадоў гавораць экспэрты.

  • Сёньня ў Расеі і на анэксаваных ёй тэрыторыях другі дзень галасаваньня, якое завершыцца 8 верасня. У 21 суб’екце будуць абраныя губернатары, у 11 — дэпутаты рэгіянальных парламентаў, у трох — дэпутаты Дзярждумы.
  • Украіна не прызнае расейскія выбары на анэксаваных тэрыторыях. 7 верасьня Міністэрства замежных спраў Украіны заявіла, што правядзеньне Расеяй выбараў на акупаванай тэрыторыі Крыму і Севастопаля — гэта парушэньне нормаў і прынцыпаў міжнароднага права.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG