Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гісторыя на Свабодзе». Мова гістарычна не заўсёды супадае з нацыянальнасьцю — Мірослаў Янковяк


Фотакаляж. Мапа Латвіі, выгляд Дзьвінску, сялянская хата і сяляне. Мірослаў Янковяк (справа)
Фотакаляж. Мапа Латвіі, выгляд Дзьвінску, сялянская хата і сяляне. Мірослаў Янковяк (справа)

Што цяпер адбываецца зь беларускімі гаворкамі на Дзьвіншчыне ў Латвіі? Як і куды зьнікаюць беларусы Латгаліі? Чаму мова чалавека не заўсёды супадае зь яго нацыянальнай ідэнтычнасьцю?

Пра гэта і пра іншае мы гаворым з навуковым супрацоўнікам чэскай Акадэміі навук, лінгвістам, габілітаваным доктарам філялёгіі Мірославам Янковякам, аўтарам навуковых прац пра беларускія дыялекты Латвіі.

0:00 – колькі ў Латгаліі засталося цяпер носьбітаў беларускіх гаворак

6:34 – якія асноўныя характарыстыкі беларускіх гаворак Усходняй Латвіі

11:11 – адкуль ва ўсходняй Латвіі зьявіліся беларускія гаворкі

19:57 – кім сябе ў нацыянальным пляне лічаць носьбіты беларускіх гаворак ва Ўсходняй Латвіі

26:18 – чаму мова не заўсёды супадае з ідэнтычнасьцю

31:00 – чаму ў выпадку Польшчы нацыянальнасьць не заўсёды супадае з мовай

Фрагмэнт размовы Сяргея Абламейкі зь Мірославам Янковякам:

— Ці можам мы гаварыць, адкуль ва ўсходняй Латвіі зьявіліся беларускія гаворкі? Гэта асыміляваныя латгалы ці нейкія славянскія аўтахтоны? Напрыклад, прафэсар Юры Гарбінскі нядаўна ў нашым этэры казаў, што гэта пераважна асыміляваныя латгалы. А зь іншага боку, на мапе распаўсюджваньня праваслаўных (ці ўніяцкіх) парафій у Вялікім Княстве Літоўскім відаць, што і ў Латгаліі было нямала ўсходнехрысьціянскіх парафій. Значыць, жылі там раней і русіны.

— Я б падзяліў гэтае пытаньне на дзьве часткі. Па-першае, мы можам адказаць, хто гэта генэтычна. Бо такія ж дыскусіі ідуць і наконт палякаў, якія жывуць на Віленшчыне (ці беларусаў) — ці гэта палякі, ці беларусы ці балты, літоўцы? Зразумела, што кожны тут цягне на свой бок.

Але што можам сказаць? Мы выдатна ведаем, калі глядзім на назвы рэк і азёр — на гідранімію, то разумеем, што, у прынцыпе, амаль уся тэрыторыя сучаснай Беларусі — гэта зона, дзе жылі продкі балтаў. Таму можна сказаць, што беларускі этнас і беларускія гаворкі, дыялекты ў гістарычным сэнсе будаваліся на балцкім субстраце.

І мы ведаем, што славяне там зьявіліся пазьней і сыстэматычна перасоўваліся на паўночны захад. І гэта таксама датычыць беларуска-латыскага памежжа.

Тут, вядома, славяна-балцкія сувязі былі раней. Яшчэ ў сярэднявеччы ці Віцебск, ці Полацкае княства былі ў сувязі з Рыгай, тут рака Дзьвіна выкарыстоўвалася як выдатны гандлёвы шлях, вельмі выгадны для таго, каб вазіць і прадаваць розныя тавары. Нават у горадзе Рызе было спэцыяльнае славянскае аддзяленьне з дакумэнтамі, пра гэта ўжо пісалі гісторыкі, напрыклад, Алег Дзярновіч займаўся тымі старымі тэкстамі, якія перасылаліся паміж Рыгай, Віцебскам ці Полацкам. Так што гэтыя сувязі былі, былі нават цэрквы на тэрыторыі сучаснай Латвіі.

Але калі мы гаворым пра мясцовае насельніцтва, то тут, канечне, можна сказаць, што генэтычна гэта раней былі балты, на якіх накладаліся ўсходнія славяне. Я думаю, што большасьць гісторыкаў прымае, што гэта быў больш натуральны працэс, а ня нейкія тэндэнцыі ў выніку вайны. Гэтая асыміляцыя была натуральным працэсам. Гісторыкі і археолягі кажуць пра супольныя элемэнты ў таго насельніцтва, дзе пераплятаецца і балцкае, і славянскае.

Гэта што тычыцца генэтычнага боку. Таму мясцовае насельніцтва (апрача тых, што туды мігравалі) можна ў гістарычным ці генэтычным сэнсе лічыць балцкім насельніцтвам.

А цяпер пра другі бок пытаньня. Маем усходніх славян, і дыялектоляг, які займаецца сучаснасьцю, можа апісаць гісторыю так далёка, як далёка ідзе памяць ягоных (у дадзеным выпадку маіх) рэспандэнтаў.

Гэта значыць, што калі я запісваю людзей, якія нарадзіліся ў 1920–1930-я гады (а іх ужо мала), яны памятаюць сваіх бацькоў (гэта пачатак ХХ стагодзьдзя), або дзядоў і бабуль (гэта канец ХІХ стагодзьдзя). Таксама мы маем дакумэнты. І можна сказаць, што на тэрыторыі сучаснай Латвіі беларусаў (па дакумэнтах, не генэтычна) у першай палове ХІХ стагодзьдзя, у прынцыпе, не было, дакумэнты іх не апісвалі. Але калі мы бяром «Слоўнік геаграфічны Каралеўства Польскага», там толькі пішацца, што былі інфлянцкія русіны. Так што тут можам дадумацца, што, хутчэй за ўсё, мова ішла пра беларусаў, таму што гэта былі католікі.

Але ўжо Густаў Мантойфэль, які апісваў іх у канцы ХІХ стагодзьдзя, пісаў, што гэта інфлянцкія беларусы, што яны ёсьць, і гэта было як бы працяг з боку Себежа — з латвійскага боку гэта Посінь, Шкяўна і іх навакольлі.

Але перамяшчэньне, у прынцыпе, большай групы пачалося з другой паловы ХІХ стагодзьдзя. Бо тады ўжо адмянілі прыгоннае права, была чыгунка, якая ішла праз, як цяпер мы кажам, Дынабург (гэты горад у розныя пэрыяды існаваньня зьмяняў сваю назву). І гэта была, можна сказаць, першая хваля таго насельніцтва. Перадусім гэта было насельніцтва каталіцкае, бо ўніяцкае было змушанае перайсьці ў праваслаўе. Гэта таксама вядомы гісторыкам працэс.

І такім чынам тут ужо пару дзясяткаў тысяч беларусаў атрымалася пры першым царскім перапісе 1897 году. І гэта шмат.

Але тут зьяўляецца яшчэ такое пытаньне. Царская ўлада глядзела на мову, на якой чалавек размаўляе. А ў міжваенны пэрыяд польская ўлада глядзела на веравызнаньне, таму што больш падкрэсьлівала польскасьць. Для царскіх улад было выгадней узяць такі паказьнік, як мова, таму што тады было менш палякаў. Так што калі гаворка ідзе пра статыстыку, то залежыць, хто яе рабіў і якія чыньнікі браў пад увагу для сваёй карысьці.

І вось калі гаворка ідзе пра вясковае насельніцтва, то можна па-рознаму называць гэтую ідэнтычнасьць. Яна можа быць і мясцовая (тутэйшая), і зьмешаная. Вельмі часта бывала так, што калі я пытаўся, а вы хто па нацыянальнасьці, то гэта часам было першы раз у жыцьці той бабулі, яна гэта першы раз чула. Таму яна вельмі частка адказвала інтуітыўна і вельмі хутка. А пасьля яна прыйшла на другі дзень: «Міраслаў, а вы ведаеце, я думала над гэтым пытаньнем...»

І вось, калі я спачатку плянаваў сваю кандыдацкую дысэртацыю, то яна мелася называцца «Мова беларусаў Латвіі». Але пазьней атрымалася, што палова маіх рэспандэнтаў падае ідэнтыфікацыю польскую. І гэта была першая праблема, зь якой я сутыкнуўся і якую мне трэба было вырашаць і нешта з тымі людзьмі рабіць. Бо я зайшоў да адной бабулі і спытаўся: а вы хто? «Я полька», — адказала яна. Яна нарадзілася ў 1923 годзе ў вёсцы каля Краславы. Далей мы зь ёй размаўляем, і яна кажа: «А як нам, беларусам, плоха жыць». Тады я зноў пытаюся: «А вы хто, полька ці беларуска?» — «Ну, я полька», — адказвае. Пасьля зноў: «А нам, беларусам, не разрашаюць...» Я зноў пачынаю пытацца: «То вы хто, у рэшце рэшт — полька, беларуска, мясцовая?» — «Ну, дзетка, вы ведаеце, я нарадзілася пры Польшчы, дык была полька. Пасьля вайны я пераехала за мужам на поўнач, кілямэтраў 8 ці 12. Гэта была Латвійская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, якая дала мне дакумэнты. Я прыехала з БССР, таму запісалі мяне беларускай. А цяпер то мне ўжо ўсё роўна, у прынцыпе».

Гэта паказвае, што гэтая сьвядомасьць нярэдка бывае троху такой плывучай, нестабільнай.

— А цяпер раскажыце, кім сябе ў нацыянальным пляне лічаць носьбіты беларускіх гаворак ва Ўсходняй Латвіі? Якая іх ідэнтычнасьць?

— Я дакладна не рабіў статыстыку, але больш-менш каля 50% лічаць сябе палякамі і пад 50% — беларусамі. Гаворка ідзе пра католікаў. Бо маем яшчэ беларусаў праваслаўных. Але гэтыя часам расплываюцца з расейцамі. У ХІХ стагодзьдзі на тэрыторыю Латгаліі прыяжджалі і прадстаўнікі расейскай адміністрацыі, гэта былі праваслаўныя, таму ёсьць там і праваслаўныя цэрквы.

Але Латгалія амаль цалкам каталіцкая, там адміністрацыйныя межы парафій да сёньня не памяняліся і супадаюць з тэрыторыяй гістарычнай Латгаліі. Так што маем католікаў, маем праваслаўных, у тым ліку беларусаў. І можна сказаць, што больш за ўсё сябе беларусамі лічаць аўтахтоны — гэта значыць тыя людзі, якія там жывуць на працягу некалькіх пакаленьняў. У іх больш такая беларуская ідэнтычнасьць.

Яшчэ большая беларуская ідэнтычнасьць у асоб, якія пераехалі пасьля Другой сусьветнай вайны з усходняй Беларусі.

А найбольш плывучая ідэнтычнасьць, якая найбольш ідзе ў польскім напрамку, — гэта асобы, якія пераехалі туды пасьля Другой сусьветнай вайны з так званай Заходняй Беларусі, якая была ў межах другой Рэчы Паспалітай — гэта Браслаўшчына, Мёршчына і гэтак далей. Яны кажуць: «Ну гэта ж была польская дзяржава...»

І тут вельмі важны чыньнік, які абсалютна трэба падкрэсьліць, — гэта каталіцкая царква і веравызнаньне. Бо тут можна падзяліць, якой вы нацыянальнасьці і якой нацыі, і гэта там не заўсёды супадае. Калі мы будзем пытаць пра нацыю — то нацыя вельмі часта роўная веравызнаньню. Калі я пытаўся пра нацыю: «Вы хто па нацыі?», мне адказвалі: «Я католік» або «Я праваслаўны». А калі пытаўся пра нацыянальнасьці, то тут ужо адказвалі: паляк, беларус, расеец.

Я нават запісаў адну бабулю, якая стараверка, але лічыла сябе беларускай. Але гэта ўжо абсалютная рэдкасьць, бо большасьць старавераў лічаць сябе расейцамі.

Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на папулярных падкаст-плятформах:

«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць

Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».

Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG