Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Беларусі забараніў увозіць зь «недружалюбных краін» шыны і паперу, пральныя машыны і падгузкі


Дом ураду. Менск, архіўнае фота
Дом ураду. Менск, архіўнае фота

Урад дапоўніў пералікі тавараў, забароненых да ўвозу і рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі ў рамках контрасанкцый.

Пастанову аб гэтым падпісаў прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка, паведамляе прэс-служба ўраду Беларусі.

Пералік тавараў, забароненых для ўвозу і рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі, якія паходзяць з «недружалюбных краін», дапаўняецца такімі пазыцыямі, як поліэтылен высокага ціску, шыны, фанэра, вырабы сталярныя і цясьлярскія, папера і вырабы санітарна-гігіенічныя, папэра і кардон, шкловалакно і іншае.

Пад забарону асобна трапілі торбы і валізкі, шпалеры, плітка керамічная, санітарна-тэхнічныя вырабы, лядоўні, маразільнікі і іншае халадзільнае або маразільнае абсталяваньне, пральныя машыны, падгузкі і пялюшкі, якія паходзяць з Польшчы, Чэхіі, Літвы, Латвіі і Эстоніі.

Гэта названа «захадам у адказ» на прынятыя Эўрапейскім зьвязам рашэньні аб пашырэньні з 1 ліпеня 2024 году санкцый у дачыненьні да Беларусі.

Новаўвядзеньні набудуць моц з 15 кастрычніка 2024 году.

Папярэдні раз сьпіс забароненых тавараў зь «недружалюбных краін» быў дапоўнены 8 жніўня, у тым ліку маргарынам, макаронай, цэмэнтам і іншымі таварамі.

У абгрунтаваньні таксама размова ішла аб захадах у адказ на ўведзеныя з 1 ліпеня санкцыі. Тэрмін набыцьця моцы — 31 жніўня.

Беларускія ўлады лічаць недружалюбнымі краіны Эўразвязу, ЗША, Альбанію, Вялікую Брытанію, Ісьляндыю, Канаду, Ліхтэнштэйн, Нарвэгію, Паўночную Македонію, Сэрбію, Чарнагорыю і Швайцарыю.

Гэтыя дзяржавы ўвялі або далучыліся да санкцый, якія сталі рэакцыяй на фальсыфікацыю прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе і вымушаную пасадку ў Менску самалёта ірляндзкай авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Атэнаў у Вільню з блогерам Раманам Пратасевічам на борце.

10 ліпеня стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка працягнуў да 30 чэрвеня 2025 году дзеяньне ўказу, які прадугледжвае спагнаньне павышанага мыта пры ўвозе шампуняў, сродкаў для валасоў і чысткі зубоў, якія паходзяць з «краін англасаксонскай групы (ЗША, Вялікая Брытанія, Канада, Аўстралія)».

У Беларусі дзейнічае забарона на імпарт і рэалізацыю асобных катэгорый тавараў зь «недружалюбных краін».

Згодна з пастановай Савету Міністраў № 934 ад 26 сьнежня 2023 году, яна дзейнічае да канца 2024 году. Гэты ж дакумэнт дазваляў увозіць яблыкі зь «недружалюбных» краін з 1 красавіка па 31 ліпеня 2024 году.

Пастанова працягвае дзеяньне асноўных палажэньняў пастановы № 700 ад 6 сьнежня 2021 году «Аб прымяненьні спэцыяльных мер адносна асобных відаў тавараў». Контрасанкцыі былі прынятыя на падставе ўказу № 128 ад 30 сакавіка 2021 году для «забесьпячэньня абароны нацыянальных інтарэсаў» Беларусі.

«Спэцыяльныя меры» тычацца прадукцыі шэрагу эўрапейскіх вытворцаў, у тым ліку касмэтычнай прадукцыі.

29 чэрвеня Рада ЭЗ паведаміла аб новых абмежавальных мерах эканамічнага характару ў дачыненьні да Беларусі — у сувязі з удзелам рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны. 30 чэрвеня прававыя акты, зьвязаныя з новымі санкцыямі ў дачыненьні да Беларусі, былі апублікаваныя ў Афіцыйным часопісе ЭЗ.

Адзначана, што гэтыя меры дублююць санкцыі, якія ўжо ўведзеныя супраць Расеі. Такім чынам, яны закліканыя вырашыць праблему абыходу абмежаванняў, абумоўленую «высокай ступеньню інтэграцыі паміж расейскай і беларускай эканомікамі».

Санкцыі тычацца сфэры гандлю, паслуг, транспарту.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG