Пра гэта паведамляе агенцтва Fars са спасылкай на органы дзяржаўнай бясьпекі Ірану.
Верталёт пацярпеў крушэньне ў іранскай правінцыі Ўсходні Азэрбайджан у траўні 2024 году. Спачатку СМІ паведамлялі пра «цьвёрдую пасадку» верталёта, аднак потым высьветлілася, што верталёт разьбіўся і ніхто ня выжыў.
Сьледзтва па выніках расьсьледаваньня прыйшло да высновы, што гэта быў няшчасны выпадак. На борт селі на два чалавекі больш, чым дазваляюць патрабаваньні бясьпекі. У выніку верталёт ня змог набраць неабходную вышыню і ва ўмовах туману ўрэзаўся ў горы.
У папярэдняй справаздачы Генштаб Узброеных сілаў Ірану паказваў, што верталёт прытрымліваўся маршруту і не пакідаў зададзенай траекторыі палёту.
Прыкметаў дывэрсіі, уплыву чалавечага фактару, вонкавага ўзьдзеяньня на электронныя сыстэмы і хімічных рэчываў, здольных прывесьці да крушэньня верталёта, знойдзена не было, перадае агенцтва.
Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны і ўвядзеньня шэрагу санкцыяў у дачыненьні да кіраўніцтва Крамля і расейскага ВПК менавіта Іран стаў адным з асноўных саюзьнікаў Расеі ў вайне. Пры дапамозе іранскіх дронаў Расея працягвае атакаваць украінскія гарады.
Прэзыдэнт у Іране ўзначальвае ўрад і выконвае хутчэй прадстаўнічыя функцыі, кіруе краінай Вярхоўны лідэр аятала Алі Хамэнэі. У ліпені прэзыдэнтам быў выбраны памяркоўны рэфарматар Масуд Пэзэшкіян.
Форум