Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«2020 год — гэта адкладзеная перамога», — Алесь Міхалевіч у праекце «Сьведкі Лукашэнкі»


Менск, 16 жніўня 2020 году
Менск, 16 жніўня 2020 году

У праекце «Сьведкі Лукашэнкі» палітык і адвакат Алесь Міхалевіч дае свой адказ на пытаньне, што адбылося ў жніўні 2020 году, і ацэньвае тыя падзеі.

— Калі ўзьняць з таго сьвету заснавальнікаў беларускай нацыі Францішка Багушэвіча, Каруся Каганца — тых людзей, якія ў другой палове 19 стагодзьдзя, ведаючы, што ёсьць нацыя паміж Польшчай і Расеяй, зрабілі беларускі нацыянальны праект, і сказаць ім, што ў 2020 годзе ў Менску на вуліцах будзе сумарна 500–600 тысяч чалавек, якія будуць пратэставаць пад нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сьцягамі, — ці гэта перамога? Канечне, перамога.

Як я сказаў тады, у 2020 годзе, Беларусь ніколі ня будзе ранейшай, гэта новая Беларусь. Я гэта называю адкладзенай перамогай.

Перамога адбылася: ёсьць нацыя, ёсьць незалежнасьць, гарызантальныя сувязі паміж беларусамі, велізарны ўзровень сацыяльнага даверу. І гэта тыя рэчы, якія назаўсёды. Зьнішчыць іх магчыма толькі празь фізычнае зьнішчэньне соцень тысяч людзей, да якога, вельмі спадзяюся, у Беларусі ня дойдзе.

— У вас не было жаданьня ў 2020 годзе прыйсьці ў штабы кандыдатаў і са сваім досьведам і аўтарытэтам паспрабаваць ім дапамагчы?

— Лідэрам пратэстаў стаў беларускі народ, і мне гэты лідэр вельмі падабаецца, я лічу, ён цалкам цудоўна справіўся са сваёй задачай. Пратэсты былі доўгатэрміновымі, маштабнымі і масавымі.

Тое, што ў нас ёсьць усходні сусед, які быў гатовы і гатовы ў любы момант увесьці войскі для таго, каб падтрымаць дыктатара, — мы разумеем чаму. Бо для Пуціна зрынаньне Лукашэнкі ў выніку масавых пратэстаў у Беларусі — гэта начны кашмар, гэта звышстрашна. Трэба памятаць, што Расея трактуе беларусаў як блізкі, а можа, і адзін народ з расіянамі. Для іх гэта была мадэль, на якую яны не былі гатовыя пагадзіцца…

Але, паўтаруся, гэта гістарычная падзея — беларуская нацыя ёсьць, гэта факт, які адбыўся. І тое, што сёньня Ціханоўскую прымаюць на найвышэйшым узроўні — гэта ня толькі пытаньне Ціханоўскай, а факт таго, што заходняя і сусьветная палітычная эліта прыняла: беларусы ёсьць як нацыя. Гэта важна, гэта крута, гэта посьпех і перамога.

Цалкам інтэрвію з Алесем Міхалевічам у праекце «Сьведкі Лукашэнкі» глядзіце тут:

«Сьведкі Лукашэнкі»

«Сьведкі Лукашэнкі» – сэрыя відэаінтэрвію зь людзьмі, якія паспрабуюць ацаніць тое, што і чаму адбылося ў Беларусі ў 1994 годзе і як зьмянілася беларускае грамадзтва за гэтыя 30 гадоў.

Сёлета спаўняецца 30 гадоў з моманту першых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Чаму тагачаснае беларускае грамадзтва выбрала Аляксандра Лукашэнку, ці магло ўсё скласьціся па-іншаму або менавіта такі вынік быў тады наканаваным? Які шлях прайшло беларускае грамадзтва за гэтыя 30 гадоў, ці вывучыла яно ўрокі гісторыі?

Гэтыя ды іншыя тэмы Віталь Цыганкоў абмяркоўвае з гасьцямі Свабоды ў праекце «Сьведкі Лукашэнкі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG