«Для нашага пакаленьня гэта быў страчаны час — час страчанага жыцьця, якога больш ніколі ня будзе; нам ніхто ня верне гэтыя 30 гадоў і магчымасьці ў краіне, калі б яна была дэмакратычнай. Для асоб — так, гэта страчаны час: гэта зламаныя жыцьці, ня зробленыя кар’еры тых, хто спачатку быў супраць Лукашэнкі і разумеў, што адбываецца.
Але для гісторыі гэта ня страчаны час. Тое, што ў 2020-м грамадзтва палітызавалася, адбылося першы раз за сучасную гісторыю Беларусі. Тое, што пасьля 2020-га грамадзтва зьмянілася — я не кажу, што яно сталае, але яно ўжо значна менш інфантыльнае, чым яно было ў 2020-м», — разважае доктар Дзьмітры Шчыгельскі, афіцыйны прадстаўнік палка Каліноўскага.
У новым відэа праекту «Сьведкі Лукашэнкі» ён расказвае, як і чаму ў 2001 годзе паставіў Аляксандру Лукашэнку дыягназ «мазаічная псыхапатыя», называе выбраньне Лукашэнкі ў 1994 годзе «непазьбежным» і заяўляе, што дыктатарскі рэжым немагчыма «зьнесьці безь сілавой кампанэнты».
Дзьмітры Шчыгельскі таксама расказвае:
- як трапіў да прафэсараў з Сарбоны па нэапсыхааналізу;
- як у саўгасе Гарадзец размаўляў зь людзьмі пра паводзіны Лукашэнкі;
- як выехаў зь Беларусі, а ў 2016 годзе змог прыехаць і пасьля вярнуцца ў ЗША;
- чаму, на яго думку, Лукашэнка ў 1994 годзе быў «непазьбежным прэзыдэнтам»;
- каго лічыць адказным за 2020 год і чаму.
«Сьведкі Лукашэнкі»
«Сьведкі Лукашэнкі» – сэрыя відэаінтэрвію зь людзьмі, якія паспрабуюць ацаніць тое, што і чаму адбылося ў Беларусі ў 1994 годзе і як зьмянілася беларускае грамадзтва за гэтыя 30 гадоў.
Сёлета спаўняецца 30 гадоў з моманту першых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Чаму тагачаснае беларускае грамадзтва выбрала Аляксандра Лукашэнку, ці магло ўсё скласьціся па-іншаму або менавіта такі вынік быў тады наканаваным? Які шлях прайшло беларускае грамадзтва за гэтыя 30 гадоў, ці вывучыла яно ўрокі гісторыі?
Гэтыя ды іншыя тэмы Віталь Цыганкоў абмяркоўвае з гасьцямі Свабоды ў праекце «Сьведкі Лукашэнкі».
Форум