Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«ПіК Свабоды». «Як у 2022, ёсьць небясьпека ўцягваньня Беларусі ў канфлікт», — прадстаўнік АПК, экс-намесьнік камандзіра палку Каліноўскага


Прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бясьпецы Аб’яднанага пераходнага кабінэту, экс-намесьнік камандзіра палку Каліноўскага Вадзім Кабанчук. Украінскі наступ на Куршчыну. Ілюстрацыйны каляж
Прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бясьпецы Аб’яднанага пераходнага кабінэту, экс-намесьнік камандзіра палку Каліноўскага Вадзім Кабанчук. Украінскі наступ на Куршчыну. Ілюстрацыйны каляж

Чаму вынікі ўкраінскага наступу на Куршчыну важныя для беларусаў? Што вядома пра ўдзел у ім беларусаў, якія ваюць у розных падразьдзяленьнях УСУ? Адказвае прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бясьпецы Аб’яднанага пераходнага кабінэту, экс-намесьнік камандзіра палку Каліноўскага Вадзім Кабанчук.

Глядзець размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты інтэрвію

— Як вайсковец і як палітык — як вы ацэньваеце ўкраінскі наступ у Курскую вобласьць? Чаму хада і вынік гэтай украінскай апэрацыі важныя для беларусаў?

— Тое, што цяпер адбываецца на расейска-ўкраінскім памежжы, мабыць, будзе мець гістарычныя наступствы. Гэтая апэрацыя ўвойдзе ў падручнікі па ваенным мастацтве, па тактыцы, па стратэгіі. Нягледзячы на тое, што шэраг экспэртаў сьцьвярджалі, што ў сёньняшні час разьвіцьця тэхналёгій, дронаў эфэкту раптоўнасьці амаль немагчыма дасягнуць пры баявых дзеяньнях, украінцам гэта ўдалося зрабіць. Яны зрабілі тое, што даўно казалі некаторыя экспэрты, што варта пачаць асымэтрычныя дзеяньні супраць расейскіх агрэсараў. Украіна ад самага пачатку поўнамаштабнай вайны 2022 году была ў няроўных умовах. Яна была аточаная амаль з усіх бакоў, акрамя невялічкага кавалку захаду, з усіх бакоў ёй пагражаў расейскі наступ, уключаючы Прыднястроўе. Чамусьці расейцы былі ўпэўненыя, як былі ўпэўненыя, напрыклад, нацысты, пачынаючы Другую сусьветную вайну, што яны будуць нападаць і бамбіць з усіх бакоў, а ім гэта ня вернецца назад.

Украінцы зараз разбураюць міты. Некалькі мітаў ужо разбурана — што расейцы не здаюцца. Мы бачым, як сотнямі палонных бяруць. Учорашняя навіна — узялі ў палон 102 чалавекі. Гэта фактычна рота расейцаў, якая сядзела ў добра ўмацаваным месцы, бункеры, ротны апорны пункт, і яны проста здаліся ў палон на сваёй тэрыторыі. Цяпер разбураецца міт пра іх так званы баявы дух, як яны ўвесь час «разганялі мантру» пра Расею-матушку і як яны касьцьмі лягуць, але не прапусьцяць танкі NATO.

— Што вядома пра ўдзел у гэтым наступе беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць у складзе розных падразьдзяленьняў узброеных сілаў Украіны?

— Я дакладна не магу пракамэнтаваць гэтую інфармацыю. Скажу абцякальна: нашы хлопцы недзе побач.

— Ці стаў для вас нечаканасьцю гэты наступ? Што зьдзівіла вас як вайскоўца за больш як тыдзень апэрацыі?

— Безумоўна, гэта стала нечаканым, бо я не ўваходжу ва ўкраінскі Генштаб. Эфэкт раптоўнасьці ўдалося захаваць, бо пра гэтую апэрацыю ведала абмежаваная колькасьць асобаў. Апэрацыя стала абсалютна нечаканай для ворага. Мы гэта бачым па выніках апэрацыі, якая яшчэ ня скончана, па тэмпах прасоўваньня, па посьпехах украінскай арміі. Украінцы зараз выкарыстоўваюць моцныя бакі Ўзброеных сілаў... Весьці манэўраную вайну, вайну на перарэзваньне камунікацый, на перавяртаньне фронту, розныя абыходныя манэўры — у гэтым украінцы майстры. Расейская армія — савецкая непаваротлівая пачвара, якая залежыць ад сваёй лягістыкі, яны залежаць спрэс ад жорсткай цэнтралізацыі, ад загадаў зьверху па ўсёй вайсковай герархіі, таму яны не пасьпяваюць па ўсіх кірунках. Яны зараз праігрываюць. Лепей вайну заўсёды весьці на тэрыторыі праціўніка, чым на ўласнай.

Цяпер насамрэч ёсьць небясьпека ўцягваньня Беларусі ў канфлікт, яе можна параўноўваць зь небясьпекай 2022 году. Рэжымы Пуціна і Лукашэнкі робяць выгляд, што не вайна ідзе на тэрыторыі Расеі, а адбываецца нейкая правакацыя. Уключылі рэжым контратэрарыстычнай апэрацыі, які курыруецца ФСБ. Нібы ўвайшлі нейкія бандфармаваньні, як яны кажуць пра чачэнцаў ці Паўночны Каўказ, а насамрэч там зайшла рэгулярная армія, і ніякая ФСБ ужо з гэтым ня справіцца.

Па тых дамовах, якія падпісаў Лукашэнка ў РФ, нашы хлопцы зараз рызыкуюць быць наўпрост уцягнутымі ў гэты канфлікт. Там ёсьць дамова па рэгіянальнай групоўцы войскаў саюзнай дзяржавы, і ёсьць дамова па лініі АДКБ. Фактычна яны мусілі ўжо ўключацца, але я так разумею, што Лукашэнку зараз расейцы прыціскаюць, і ён ад іх «адкупляецца». Ёсьць інфармацыя, што паабяцаў ім перадаць вайсковую тэхніку.

— Чаго можа найбольш асьцерагацца Аляксандар Лукашэнка цяпер?

— Найбольш ён асьцерагаецца ўводу ў баявыя дзеяньні беларускай арміі. Ён разумее, што гэта азначае канец ягонага рэжыму, магчыма, яго асабісты канец. У 2022 годзе была такая вялікая небясьпека. У параўнаньні з 2022 годам Узброеныя сілы Ўкраіны — якасна іншая армія. Гэта армія зь іншай тэхнікай, з баявым досьведам, яе проста немагчыма параўноўваць зь беларускай арміяй. Я неаднаразова чуў ад украінскіх вайскоўцаў, украінскіх экспэртаў, што ўкраінцы не баяцца беларускай арміі, не баяцца наступу з поўначы. Ведаючы настроі ў беларускай арміі, можна казаць, што яны не гатовыя ў большай сваёй масе ўлазіць у гэтую авантуру.

Яшчэ ў 2022 годзе на нас выходзілі хлопцы зь беларускага войска і рэзэрвісты і казалі, каб ім абазначылі тэхнічныя магчымасьці пераходу на наш бок. Беларускі народ, беларуская армія — зрэз грамадзтва. Я думаю, што яны вызначыліся з бокам канфлікту.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG