Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква не зьвярталася па дапамогу да АДКБ у сувязі з падзеямі ў Курскай вобласьці


Разбураная расейская вайсковая тэхніка ў Курскай вобласьці Расеі. 9 жніўня 2024 году
Разбураная расейская вайсковая тэхніка ў Курскай вобласьці Расеі. 9 жніўня 2024 году

Масква афіцыйна не зьвярталася па дапамогу ў Арганізацыю Дамовы аб калектыўнай бясьпецы ў сувязі з сытуацыяй у Курскай вобласьці, гаворыцца ў адказе Сакратарыяту АДКБ на запыт казаскай службы Радыё Свабода.

У адказе ўдакладнілі, што Сакратарыят АДКБ і адпаведныя расейскія дзяржаўныя структуры абменьваюцца інфармацыяй у працоўным парадку, афіцыйных перамоваў і сустрэч для абмеркаваньня сытуацыі ў прымежных абласьцях Расеі не было.

«Згодна з працэдурай, прынятай у АДКБ, дзяржава-сябра аб’яднаньня, у якой узьнікла неабходнасьць у вайсковай дапамозе, павінна афіцыйна зьвярнуцца ў Арганізацыю. Такога звароту з боку Расейскай Фэдэрацыі ў сувязі з сытуацыяй у Курскай вобласьці да цяперашняга моманту не было», — гаворыцца ў адказе Сакратарыяту АДКБ «Радио Азаттык».

У ім адзначаецца, што апытаньне аб выкарыстаньні калектыўных сіл вырашаецца кансэнсусам. «Аднак гэта не азначае, што любы з саюзьнікаў ня можа ўзаемадзейнічаць у рамках двухбаковых адносінаў». У адказе арганізацыі ўваходжаньне сіл украінскай арміі ў Курскую вобласьць названае «новым этапам эскаляцыі ваеннага канфлікту ў зоне адказнасьці АДКБ».

«Наша аналітычная служба працуе ў кругласуткавым рэжыме. Мы ўважліва сочым за разьвіцьцём сытуацыі і будзем дзейнічаць строга ў адпаведнасьці са Статутам Арганізацыі», — гаворыцца ў адказе Сакратарыяту АДКБ за подпісам генсакратара АДКБ (з 2023 году пасаду займае Імангалі Тасмагамбетаў, які працаваў паслом Казахстану ў Расеі ў 2017–2019 гадах).

  • У Курскай вобласьці Расеі з 6 жніўня пасьля заходу ўкраінскіх вайскоўцаў на яе тэрыторыю працягваюцца баявыя дзеяньні. З 7 жніўня ў вобласьці абвясьцілі рэжым надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага маштабу. З 9 жніўня ў рэгіёне і дзьвюх іншых сумежных з Украінай вобласьцях — Бранскай і Белгарадзкай — увялі рэжым контратэрарыстычнай апэрацыі. З 14 жніўня рэжым надзвычайнай сытуацыі рэгіянальнага ўзроўню ўвялі ў суседняй Белгарадзкай вобласьці.
  • АДКБ была створаная ў процівагу NATO з ініцыятывы Масквы больш за 30 гадоў таму. Цяпер у гэтую арганізацыю ўваходзяць Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея, Таджыкістан і Армэнія (апошняя ў 2024 годзе фактычна замарозіла ўдзел у арганізацыі).
  • ТАСС 14 жніўня паведаміў пра пачатак спэцыяльных вучэньняў «Кобальт-2024» пад кіраўніцтвам Расгвардыі ў Новасібірскай вобласьці Расеі. Згодна з афіцыйнымі паведамленьнямі, у вучэньнях бяруць удзел сілы бясьпекі Расеі, Беларусі, Казахстану, Таджыкістану і Кіргізстану.
  • 13 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 74 населеныя пункты ў Курскай вобласьці Расеі. Такія лічбы яму назваў галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі.
  • Выканаўца абавязкаў губэрнатара Курскай вобласьці Аляксей Сьмірноў 12 жніўня падчас дакладу Пуціну казаў, што УСУ захапілі 28 паселішчаў рэгіёну.
  • Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW), прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, мяркуюць, што на 11 жніўня ўкраінскія сілы дзейнічалі ў 29 паселішчах Курскай вобласьці або паблізу іх, і ў 40 паселішчах — на 12 жніўня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG