З Гомельскага тэатру лялек звольнілі дырэктара Дзьмітрыя Гарэліка.
Як паведаміла выданьне «Люстэрка», час, калі яго звольнілі, невядомы, але цяпер з афіцыйнага сайту тэатру вынікае, што пасада дырэктара вакантная.
«Прозьвішча Гарэліка ня згадваецца ў тэксьце пра гісторыю тэатру, хоць ён кіраваў ім з 1 чэрвеня 1992 году. Вядома толькі, што ўжо на 14 траўня пасада была вакантная», — піша выданьне.
Паводле выданьня, прычынай звальненьня маглі стаць рэпрэсіі. Сёлета ў студзені Гарэліка судзілі паводле ч. 2 артыкула 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Праваабаронцы тады так і не даведаліся, у чым яго абвінавачвалі і якое рашэньне ўхваліў суд.
Калі сытуацыя з судом зрабілася публічнаю, імя Гарэліка ўсё яшчэ прысутнічала на сайце тэатру, дзе ён значыўся як дырэктар.
Тэатар лялек у Гомлі працуе з 1968 году. Менавіта пры дырэктару Гарэліку ён у 2002-м атрымаў новае памяшканьне і праз два гады ў яго пераехаў. Тэатар неаднаразова быў ляўрэатам і дыплямантам розных міжнародных фэстаў у Беларусі, Расеі, Украіне, Казахстане, Таджыкістане, Латвіі, Італіі, Гішпаніі, Славаччыне, Нямеччыне, Індыі і іншых краінах.
Звальненьні ў беларускіх тэатрах сталі рэгулярнымі. У канцы сьнежня 2023 году з драматычнага тэатру ў Маладэчне звольнілі мастацкага кіраўніка Валерыя Анісенку (нібыта праз даўні канфлікт з дырэктарам). У канцы сакавіка звольнілі дырэктара Музычнага тэатру Сяргея Пукіту, які ўзначальваў тэатар з 2019 году. Ён паплаціўся пасадай за выкананьне ў тэатры песьні Віктара Цоя «Перемен». На пачатку красавіка 2024 году звольнілі мастацкага кіраўніка віцебскага тэатру «Лялька» Віктара Клімчука, у траўні быў звольнены мастацкі кіраўнік Нацыянальнага тэатру опэры і балету Валянцін Елізар’еў.
У жніўні стала вядома пра звальненьне Сьвятланы Карукінай з пасады дырэктара Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі.
Форум