Сваякі палітзьняволенай Алены Гнаўк паведамілі, што ўжо паўтара месяца не атрымлівалі ад яе лістоў.
Прычыны затрымкі з сувязьзю ім невядомыя. У апошнім з атрыманых лістоў палітзьняволеная «паведаміла, што жывая», падзяліўся інфармацыяй пра Алену Гнаўк праваабаронца зь Берасьця Уладзімір Вялічкін.
Актывістцы зь Бярозы Алене Гнаўк 67 гадоў. З 2021 году яе судзілі тройчы.
Першы раз Алене Гнаўк прысудзілі 3 гады «хатняй хіміі» за ўдзел у «карагодзе» — акцыі пратэсту супраць фальшаваньня выбараў, якая адбылася ў Берасьці ў верасьні 2020 году.
Другім разам пэнсіянэрку прыцягнулі да судовай адказнасьці нібыта за паклёп на Лукашэнку і дыскрэдытацыю Беларусі. За гэта ў 2022 годзе былая юрыстка атрымала 3,5 года зьняволеньня. Праз год, ужо ў калёніі, Алене дадалі да тэрміну яшчэ год за «злоснае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы» паводле 411 артыкула Крымінальнага кодэксу.
Вядома, што ў часе сьледзтва Алена Гнаўк трымала галадоўку на знак пратэсту, а ў гомельскай жаночай калёніі № 2 яе зьмяшчалі ў ПКТ і пазбавілі перадач ды спатканьняў.
Цяпер Алена Гнаўк адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі № 24, прызначанай для тых, хто асуджаны болей за адзін раз. Вядома, што за час зьняволеньня жанчына значна схуднела, у яе пагоршылася здароўе, але, паводле крыніцаў, якія зь ёю кантактавалі, яна трымаецца і на ўмовы не наракае.
«Яна па-ранейшаму актыўная, нязломная. Перадае прывітаньні тым, хто на волі», — паведамляла пра Алену Гнаўк былая асуджаная калёніі № 24.
Палітвязень Сяргей Спарыш не прасіў аб памілаваньні
Сяргей Спарыш расказаў, што ён не складаў і не падпісваў прашэньня аб памілаваньні. Пра гэта Свабодзе паведаміла крыніца, якая прасіла не называць прозьвішча ў мэтах сваёй бясьпекі.
З гэтай інфармацыі крыніца мяркуе, што камусьці з палітвязьняў у калёніі прапаноўвалі пісаць такія прашэньні. «Але ягонае рашэньне вось такое», — кажа крыніца.
Паплечніка Мікалая Статкевіча па «Народнай грамадзе» Сяргея Спарыша асудзілі на 6 гадоў зьняволеньня паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу, уключна з удзелам у масавых забурэньнях. Затрымалі Сяргея Спарыша яшчэ 25 чэрвеня 2020 году.
Актывіста трымаюць у папраўчай калёніі № 15 пад Магілёвам, ён заняты на працы па вырабе паддонаў. «Цяжка, але кажа, што прызвычаіўся», — паведамлялі пра Сяргея Спарыша.
Вядома, што ў Сяргея Спарыша ў зьняволеньні абвастрыліся праблемы з зубамі, якія дагэтуль вырашыць не ўдалося.
Форум