Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Паліна Шарэнда-Панасюк зноў у гомельскім СІЗА; у ліпені на волю выйшлі 43 палітвязьні


Паліна Шарэнда-Панасюк
Паліна Шарэнда-Панасюк

Па стане на 31 ліпеня ў Беларусі 1391 палітвязень, прызнаны такім праваабарончай супольнасьцю. Рэальная колькасьць зьняволеных з палітычных матываў можа быць большай.

Паліна Шарэнда-Панасюк знайшлася ў гомельскім СІЗА

Муж палітзьняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк Андрэй Шарэнда 31 ліпеня паведаміў у сваіх сацсетках, што яна зноў у гомельскім СІЗА-3, у чаканьні новага суду.

«Паліна нарэшце знайшлася. Ня ведаем, колькі доўжыўся чарговы этап, але Паліна зноў у СІЗА-3 Гомля. У бліжэйшыя некалькі месяцаў Паліну чакае новы „суд“, да якога яна будзе знаходзіцца там», — напісаў Андрэй Шарэнда 31 ліпеня.

Паліна Шарэнда-Панасюк мусіла выйсьці на волю 21 траўня 2024 году, але за два дні да гэтага яе этапавалі ў СІЗА ў межах новай крымінальнай справы паводле арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы»).

З пачатку году яна правяла ў штрафным ізалятары 70 дзён, а таксама прайшла як мінімум тры псыхіятрычныя экспэртызы, якія паказалі, што зь ейным псыхічным здароўем усё ў парадку. 23 ліпеня муж палітзьняволенай даведаўся, што Паліну перавезьлі з Цэнтру судовых экспэртызаў у Навінках у невядомае месца. Пасьля гэтага вестак ад яе не было.

18 ліпеня стала вядома, што Паліна хворая на «хранічны панкрэатыт сярэдняй цяжкасьці» — вельмі небясьпечную для здароўя хваробу, лячэньне ад якой ускладняецца ва ўмовах зьняволеньня. Пра дыягназ сваякам палітзьняволенай стала вядома з афіцыйнага адказу адміністрацыі папраўчай калёніі № 24. Муж палітзьняволенай заявіў, што «такі дыягназ ва ўмовах Паліны — як сьмяротны прысуд».

У Баранавічах за «ўдзел у пратэстах» будуць судзіць былога палітвязьня, якога раней вызвалілі паводле амністыі

У судзе Баранавіцкага раёну і Баранавічаў 12 жніўня паводле ч. 1 арт. 342 КК пачнецца суд над трыма мясцовымі жыхарамі. Ва ўдзеле ў акцыях пратэсту, якія адбываліся чатыры гады таму, абвінавачваюць Аляксандра Тарасавеча, Дзьмітрыя Блашчэніцу і Пятра Зяневіча. Іх справу будзе разглядаць Аксана Літвінчык, піша «Вясна».

Пятро Зіневіч — былы палітзьняволены, якога ў 2021 годзе асудзілі на два гады «хіміі» за тое, што сваёй старонцы «ЎКантакце» апублікаваў фатаздымак супрацоўніка Баранавіцкага РАУС з надпісам «удзельнічаў у разгоне мітынгаў і катаваў людзей». Гэта палічылі «паклёпам».

Зіневіч адбываў тэрмін у ПУАТ № 9. 11 студзеня 2023 году выйшаў на волю паводле закону аб амністыі. Напрыканцы красавіка 2024 году Пятра зноўку затрымалі разам зь некалькімі жыхарамі Баранавічаў. На «пакаяльным відэа» сілавікоў ён кажа, што «проста ішоў праз плошчу». Цяпер мужчыну ўтрымліваюць у СІЗА.

Сама меней 43 палітвязьні ў ліпені выйшлі на волю, 18 зь іх — па амністыі і памілаваньні

На цяперашні момант у Беларусі налічваецца 1388 палітвязьняў, а колькасьць іх павялічваецца амаль штотыдзень. Пры гэтым кожны месяц некалькі дзясяткаў палітвязьняў выходзяць зь месцаў зьняволеньня або па заканчэньні тэрміну, або пасьля суду да накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (на «хімію»), ці пачатку адбыцьця тэрміну на «хатняй хіміі».

Паводле зьвестак «Вясны», у ліпені на волю выйшлі мінімум 43 чалавекі, 20 зь якіх цалкам адбылі тэрміны, а 18 вызваліліся паводле амністыі ці абмену. Яшчэ чатырох палітвязьняў асудзілі на «хатнюю хімію» і вызвалілі зь СІЗА.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG