Людміла Ганчарэнка, жыхарка Чарнігава, правяла амаль год у Беларусі за кратамі. Яе гісторыю расказала DW.
Украінка Людміла Ганчарэнка часта наведвала Беларусь, бо яе першы муж, бацька старэйшага сына, быў беларусам. Падчас аднаго з такіх візытаў у студзені 2023 году яна зрабіла фота расейскай вайсковай тэхнікі і адправіла яго ўкраінскім памежнікам. Фатаздымкі ў тэлефоне Людмілы знайшлі беларускія сілавікі. Гэта і стала прычынай яе затрыманьня.
Увечары 19 ліпеня 2023 году ў найманую кватэру ў Берасьці, дзе спынілася Людміла, прыйшлі супрацоўнікі КДБ. Разам зь ёю затрымалі яе сястру Натальлю Ярашэнку, непаўналетняга сына і пляменьніка.
Людмілу і яе сястру Натальлю зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня ў Гомлі. Пасьля гэтага Людмілу пачалі дапытваць. Сілавікі, патрабуючы падпісаць прызнальныя паказаньні, пагражалі ёй свабодай яе 13-гадовага сына і заяўлялі, што калі яна не падпіша паперы, дзіця адправяць у дзіцячы дом, а пазьней пасадзяць у турму.
Сын, паводле Людмілы, таксама атрымаў моцную псыхалягічную траўму: яго дапытвалі, «вазілі на дэтэктар хлусьні», «пужалі, што аддадуць у дзіцячы дом, калі ня будзе праўду казаць», пагражалі пісталетам. Праз допыт прайшоў і непаўналетні пляменьнік Людмілы, сын яе сястры Натальлі. Толькі праз тыдзень хлопчыкам дазволілі зьехаць зь Беларусі. Ва Ўкраіну яны дабіраліся самастойна праз Польшчу.
Людміла кажа, што амаль год правяла ў зьняволеньні, дзе сутыкнулася з жахлівымі ўмовамі ўтрыманьня. У сьнежні 2023 году яе асудзілі на тры гады пазбаўленьня волі. У сакавіку 2024 году Людмілу перавялі ў жаночую папраўчую калёнію ў Гомлі, а ў красавіку прапанавалі напісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі.
18 красавіка 2024 году Людміла напісала прашэньне аб памілаваньні. У чэрвені 2024 году яе разам з чатырма іншымі ўкраінцамі падрыхтавалі да абмену на расейскіх ваеннапалонных. Іх прывезьлі ў катэдж пад Менскам, дзе ўтрымлівалі пад аховай, забясьпечваючы ежай і пітвом. 22 чэрвеня ўкраінцаў перавезьлі ў СІЗА КДБ, а потым даставілі да месца абмену. 28 чэрвеня Людмілу і іншых украінцаў вярнулі на радзіму. Цяпер Людміла аднаўляецца пасьля перажытага, імкнучыся праводзіць больш часу з малодшым сынам, якому на момант яе затрыманьня было некалькі месяцаў.
Сястра Людмілы Натальля Ярашэнка правяла 147 дзён у ізалятары часовага ўтрыманьня ў Гомлі, яе дапытвалі і правяралі на паліграфе. Паводле Натальлі, 6 содняў яна правяла ў карцэры, дзе не было нічога, акрамя зьбітых з дошак высокіх нараў, рукамыйніцы і туалета. Аднойчы жанчыне выклікалі мэдыка, калі ёй стала дрэнна праз высокі ціск, але потым вярнулі ў камэру.
Паводле Натальлі, у ізалятары ў яе лопнула вена на назе, і яна месяц прасіла, каб яе адвезьлі ў бальніцу. За амаль 5 месяцаў зьняволеньня ў яе не было ані прагулак, ані перадач, сьцьвярджае Натальля. Адзінае, чаго змагла дабіцца яе сяброўка-беларуска, — дазволу перадаваць ёй 300 грамаў сала і 300 грамаў каўбасы на тыдзень.
За знаходжаньне ў ІЧУ Натальлі выставілі рахунак — «амаль 400 даляраў». 15 сьнежня 2023 году яе прывезьлі на мяжу з Украінай. Перад тым як жанчына накіравалася на радзіму, беларускія сілавікі цалкам ачысьцілі яе тэлефоны.
Форум