Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы: Палітвязьняў прымушаюць пісаць прашэньні аб памілаваньні, караюць за адмову


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», у наваполацкую калёнію № 1 (Віцебская вобласьць) штодзень прыяжджаюць прадстаўнікі пракуратуры Менску, якія «прымушаюць палітвязьняў пісаць прашэньні аб памілаваньні».

Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

Праваабаронцы кажуць, што гэта тычыцца толькі асуджаных на невялікія тэрміны.

«Таксама вядома, што ў некаторых калёніях палітвязьняў за адмову пісаць прашэньне зьмяшчаюць у штрафны ізалятар, а некаторым пагражаюць завядзеньнем новай справы па арт. 411 Крымінальнага кодэксу (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы)», — гаворыцца ў паведамленьні «Вясны».

Раней пра тое, што палітвязьням, тэрміны якіх блізкія да завяршэньня, прапанавалі пісаць просьбы аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі, паведамляла Свабода. Такую інфармацыю перадала рэдакцыі крыніца са спасылкай на сваякоў зьняволеных калёніі № 15 пад Магілёвам. Сваё імя крыніца прасіла не называць у мэтах бясьпекі. Крыніца дадала да гэтай інфармацыі некаторыя падрабязнасьці.

«На пачатку месяца з калёніі па амністыі выйшлі палітвязьні, у якіх вялікія праблемы са здароўем. Некалькі чалавек. А цяпер выклікалі палітвязьняў, у якіх са здароўем адносна нармальна, але ў іх неўзабаве заканчваюцца тэрміны. Месяц, а то і пара тыдняў — і на свабоду. І прапанавалі ім пісаць прашэньні аб памілаваньні. Сказалі, што Лукашэнка можа падпісаць, хай чакаюць. Некаторыя цяпер думаюць, ці варта пагаджацца, бо і без таго спадзяюцца выйсьці неўзабаве на волю», — расказала крыніца.

Колькасьці тых, каму было прапанавана пісаць прашэньні аб памілаваньні, суразмоўца ня ведае.

Таксама пра «масавы збор прашэньняў аб памілаваньні ад палітвязьняў у калёніях, турмах і папраўчых установах адкрытага тыпу» паведамляла праваабарончая ініцыятыва Dissidentby.

На пачатку ліпеня праваабаронцы паведамілі пра вызваленьне 18 палітвязьняў. Адразу стала вядома, што адзін зь іх — асуджаны на 10 гадоў пазбаўленьня волі старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, імёны астатніх не называліся. Пасьля зьявілася інфармацыя пра выхад на волю Дар’і Лосік, Тамары Астрэйкі, Сьвятланы Лупач, Кацярыны Мадзянковай і Паліны Палавінкі.

На 29 ліпеня ў Беларусі 1378 чалавек, якіх праваабарончая супольнасьць лічыць палітвязьнямі. Насамрэч людзей, якія зазналі рэпрэсіі ў той ці іншай форме, значна больш.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG