Позна ўвечары зь пятніцы на суботу 27 ліпеня беларуска ў Варшаве сутыкнулася з агрэсіўным незнаёмцам, але на шчасьце змагла абараніць сябе. Здарэньне трапіла на камэру відэаназіраньня. Дзяўчына расказала пра гэта выданьню The Warsaw.
У пятніцу ўвечары 26 ліпеня ў раёне Жалібож, непадалёк ад станцыі мэтро Marymont да беларускі, якая вярталася дахаты пасьля працы, падышоў незнаёмец і загаварыў зь ёй па-расейску. Дзяўчына сьцьвярджае, што, мяркуючы па зьнешнасьці, ён быў выхадцам зь сярэдняй Азіі.
Спачатку ён проста ішоў побач, потым пачаў казаць, што шукае вуліцу, але ня ведае дакладнага адраса. На просьбу аб дапамозе беларуска адказала, што ня можа дапамагчы без дакладнай інфармацыі пра адрас. Аднак мужчына працягваў ісьці побач і задаваць асабістыя пытаньні, у тым ліку пра тое, ці замужам яна і чаму ходзіць адна так позна.
Калі дзяўчына падышла да свайго пад’езда і дастала ключы, каб увайсьці ўнутр, агрэсар не спыніўся. Ён тузануў за яе завушніцу, спрабаваў задраць майку і пачаў прыставаць зь непрыстойнымі камэнтарамі: «чаго ламаесься, давай». Сытуацыя абвастрылася, калі ён схапіў беларуску за валасы (відэа з камэры назіраньня).
Не разгубіўшыся, дзяўчына стукнула нападніка локцем, бо той схапіў яе са сьпіны, а потым павярнулася і стукнула яго кулаком. Хлопец спалохаўся і ўцёк.
Падчас інцыдэнту ў дзяўчыны крыху пацярпела вуха і выпалі навушнікі, але сурʼёзна яна не пацярпела.
Беларуска пакуль не зьвярталася ў паліцыю.
Днямі яшчэ адна беларуска расказала Свабодзе, як стала ахвярай нападу ў цэнтры Варшавы. Паводле Вольгі, увечары 25 ліпеня ў цэнтры Варшавы на яе напаў незнаёмец. Ён, паводле беларускі, гучна крычаў і абражаў яе, плюнуў ёй у сьпіну і ў твар, напаў з кулакамі і крычаў груба па-польску: «Панаехалі сюды!», «Вяртайся ў сваю Ўкраіну!» Па словах беларускі, яна ніякім чынам не правакавала нападніка. Паліцыю мала зацікавіў інцыдэнт, ёй параілі самой ідэнтыфікаваць нападніка, сьцьвярджае Вольга.
Форум