Яна паведаміла, што ў чацьвер выказала сваю «сур’ёзную занепакоенасьць» прэмʼер-міністру Ізраілю Бэньяміну Нэтаньягу, сказаўшы яму, што прыйшоў час заключыць пагадненьне аб спыненьні агню.
Пра гэта паведамляе CNN.
«Ізраіль мае права абараняць сябе, але тое, як ён гэта робіць, мае значэньне», — заявіла Гарыс, меркаваная кандыдатка ў прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі ЗША, журналістам пасьля сустрэчы з Нэтаньягу ў Вашынгтоне.
«Вобразы мёртвых дзяцей і адчайных галодных людзей, якія бягуць у пошуках бясьпекі, часам перамешчаных другі, трэці ці чацьвёрты раз. Мы ня можам адвесьці позірк ад гэтых трагедый. Мы ня можам дазволіць сабе анямець ад пакутаў, і я ня буду маўчаць», — сказала Гарыс.
«Прыйшоў час, каб гэтая вайна скончылася, і скончылася такім чынам, каб Ізраіль быў у бясьпецы, усе закладнікі былі вызваленыя, пакуты палестынцаў у Газе скончыліся, і палестынскі народ мог рэалізаваць сваё права на свабоду, годнасьць і самавызначэньне» — заявіла віцэ-прэзыдэнтка ЗША.
«Як я сказала прэмʼер-міністру Нэтаньягу, прыйшоў час заключыць гэтую ўгоду», — сказала яна.
Кандыдат ад Рэспубліканскай партыі, экс-прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп расказаў у інтэрвію тэлеканалу Fox News пра сваю нядаўнюю гутарку з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.
«Мне патэлефанаваў прэзыдэнт Зяленскі, мы добра пагаварылі. Я сказаў, што мы павінны завяршыць гэтую вайну. Гэта ваенная машына, вы маеце справу з ваеннай машынай. Яны перамаглі Гітлера, яны перамаглі Напалеона», — сказаў Трамп.
Таксама Трамп абвінаваціў дзейнага прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна ў тым, што той нібыта не прадухіліў канфлікт.
«Байдэн не павінен быў дазволіць гэтаму адбыцца. Шанцы на гэта былі нулявыя, за чатыры гады майго знаходжаньня на пасадзе прэзыдэнта гэтага ня здарылася», — заявіў Трамп.
Ён ня раз заяўляў, што ў выпадку перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах мае намер дамагчыся хуткага ўрэгуляваньня вайны Расеі з Ўкраінай.
Форум