Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за палову беларусаў штомесяц ці час ад часу сутыкаюцца зь недахопам грошай, — апытаньне


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Работнік каля банкамату
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Работнік каля банкамату

Палове беларусаў часам ці ўвесь час не хапае грошай да наступнага заробку, у траціны — выдаткі перавышаюць прыбыткі — такія высновы атрымалі сацыёлягі ў ходзе вывучэньня фінансавай пісьменнасьці насельніцтва Беларусі, паведамляе выданьне «Белорусы и рынок» са спасылкай на вынікі дасьледаваньня.

Апытаньне на замову Нацбанка праводзілі ў лютым-сакавіку 2024 году, у ім удзельнічала 1,5 тысячы дарослых жыхароў Беларусі (ва ўзросьце ад 18 гадоў і старэйшыя).

Больш за палову апытаных прызналі, што сутыкаліся з сытуацыяй недахопу грошай да атрыманьня наступнага даходу (заработнай платы, пэнсіі, стыпэндыі, сацыяльных выплат). Зь іх 13,4% сутыкаюцца зь недахопам сродкаў штомесяц, 40,3% — час ад часу, 9,6% — адзінкава. У параўнаньні з 2022 годам стала больш тых, хто з гэтай праблемай не сутыкаецца (35,4%).

Падчас апытаньня 9,5% беларусаў прызналіся, што іх выдаткі «значна» перавышаюць даходы, «часам перавышалі» — 22,3%. Гэта значыць, жывуць не па сродках амаль 32% насельніцтва. У 36% выдаткі прыкладна роўныя прыбыткам.

Рэспандэнтам прапанавалі пагадзіцца або не з дэпрэсіўным сьцьвярджэньнем: «З прычыны фінансавага становішча я ніколі не атрымаю ў жыцьці таго, чаго хачу». Згоднымі аказаліся 27,7% беларусаў. Больш за ўсё тых, хто страціў надзею, — у Менскай (35%) і Магілёўскай абласьцях (33,5%). Найменш «дэпрэсіўнай» аказалася Гомельская вобласьць — 17%. У Менску ня вераць марам 23,4% апытаных.

Таксама ў беларусаў спыталі, што яны робяць, калі заканчваюцца грошы да атрыманьня новага даходу:

  • 52% імкнуцца эканоміць,
  • 21% трацяць зьберажэньні,
  • 21% бяруць у доўг у сваякоў, сяброў, знаёмых,
  • 16% спрабуюць падпрацаваць звышурочна, знаходзяць дадатковую працу,
  • 8,4% купляюць тавары ў растэрміноўку.

Браць новы крэдыт, каб пагасіць папярэдні доўг, даводзілася 6,1% моладзі, 6,6% людзей працоўнага ўзросту і 3,9% — пэнсіянэрам. Часьцей за ўсё з сытуацыяй неабходнасьці дадатковага запазычаньня з мэтай пагашэньня папярэдніх даўгоў сутыкаліся жыхары Магілёўскай вобласьці (11,8% апытаных).

У выпадку страты асноўнай крыніцы даходу 17% апытаных змогуць пратрымацца на зьберажэньнях толькі адзін месяц; 15% — да трох месяцаў; 8,5% — ад трох да шасьці месяцаў. Паказальна, што палова апытаных не змагла растлумачыць, колькі можа пратрымацца без заробку.

У параўнаньні з мінулымі апытаньнямі назіраецца зьніжэньне колькасьці рэспандэнтаў, якія маюць найменшую падушку бясьпекі.

Таксама беларусам прапанавалі ўявіць, што яны зрабілі б у выпадку зьяўленьня дадатковай крыніцы даходу памерам 400 беларускіх рублёў на пастаяннай аснове. 46% апытаных адказалі, што будуць зьбіраць грошы, што будуць траціць — прыкладна траціна апытаных. Аддадуць перавагу таму, каб інвэставаць гэтыя грошы 6,5% апытаных.

Агулам апытаньне паказала, што зьберажэньню грошай рознымі спосабамі і з рознай інтэнсіўнасьцю аддаюць перавагу 72% беларусаў, тады як у 2020 годзе такіх было 56%.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG