За тры месяцы доступу да інфармацыі пра плацяжы беларусаў сілавыя ведамствы разам з банкамі Беларусі прыпынілі апэрацыі на 12,7 мільёна беларускіх рублёў, заявіў 25 ліпеня генпракурор Беларусі Андрэй Швед на 22-м пасяджэньні кіраўнікоў наглядных органаў дзяржаў — чальцоў ШАС у Бішкеку.
«Банкі прыпынілі апэрацыі на суму звыш 10 млн рублёў (3,5 млн даляраў ЗША), а праваахоўныя органы — яшчэ на 2,7 млн рублёў (0,8 млн даляраў ЗША)», — удакладніў Андрэй Швед.
Швед таксама адзначыў, што апошнім часам у Беларусі расьце колькасьць кібэрзлачынстваў. Паводле Шведа, у 2023 годзе кібэрзлачынстваў у Беларусі паболела практычна на чвэрць, агулам іх адзначана больш за 18 тысяч, пры гэтым «кожнае пятае злачынства ў краіне зьдзяйсьняюць з выкарыстаньнем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгіяў».
- Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ «Аб мерах па супрацьдзеяньні несанкцыянаваным плацежным апэрацыям» у жніўні 2024 году. Згодна зь ім у Беларусі стварылі аўтаматызаваную сыстэму, якая «дазваляе выяўляць і спыняць несанкцыянаваны перавод грошай, у тым ліку пераводы, якія ажыцьцяўляюць бяз згоды карыстальніка плацежнай паслугі».
- З 1 сакавіка 2024 году сілавікі — органы пракуратуры, дзяржаўнай бясьпекі, унутраных справаў, Сьледчы камітэт і Апэратыўна-аналітычны цэнтар — атрымалі доступ да інфармацыі пра плацяжы беларусаў. Узаемадзеяньне банкаў і сілавікоў праходзіць праз аўтаматызаваную сыстэму апрацоўкі інцыдэнтаў. Паводле рашэньня Генпракуратуры КДК, СК і МУС змогуць прыпыняць на тэрмін да 10 дзён расходныя апэрацыі па банкаўскім рахунку, укладзе, электронным кашальку, калі сілавікі будуць мець зьвесткі ці нават падазрэньні «пра зьдзяйсьненьне супрацьпраўных дзеяньняў». Улады аргумэнтавалі новаўвядзеньне барацьбой з ашуканцамі.
Форум