Ляўрэатам стаў былы палітвязень, галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты» Аляксандар Манцэвіч, паведаміў сайт БАЖ.
Гэта шостая штогадовая прэмія на знак падтрымкі свабоды слова. Летась «Надзею Свабоды» атрымала галоўная рэдактарка праваабарончага сайта «Медыязона. Беларусь» Наста Бойка, у 2023‑м — Ягор Марціновіч, у 2022‑м — журналіст Радыё Свабода Алег Грузьдзіловіч, у 2021‑м —медыямэнэджар Андрэй Аляксандраў, у 2020‑м — журналісткі Кацярына Барысевіч, Алена Талкачова, Тацяна Каравянкова, Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова.
Сёлета «Надзеяй Свабоды» ўганараваны Аляксандр Манцэвіч.
«Колькі часу я быў за калючым дротам, але ўсё ж такі адчуваў падтрымку нашых калег, калег зь Беларусі, але і калег з Эўропы, найперш зь Літвы — пра тое, што аб нашым лёсе ведаюць там, вестачкі да нас даходзілі.
Дзякую Літве, літоўскім палітыкам, літоўскім калегам за тое, што яны праяўляюць у такія цяжкія часы для нас такія знакі салідарнасьці — і сымбалічныя, і практычныя. Я разумею, што гэта ўзнагарода ня толькі пэрсанальна мне, але ўсёй нашай беларускай журналісцкай супольнасьці, тым людзям, якія яшчэ не знаходзяцца на тэрыторыі свабоды. Калі ў мяне пыталіся, як перажываліся часы за кратамі, лёгка ці не. Сказаць, што там лёгка, я не скажу. Але заўсёды былі прыклады стойкасьці, якія дапамагалі гэтыя часы перажываць. Для мяне — Марына Золатава, Анджэй Пачобут, іншыя журналісты, якія яшчэ знаходзяцца там.
Сапраўдная свабода прыйдзе да мяне тады, калі мы будзем дома. Бо толькі дома можна адчуць сапраўдную атмасфэру свабоды. Гэта адзнака нашай працы ёсьць цэмэнтам, які мацуе Літву і Беларусь. Мы дасягнем сваёй мэты і будзем жыць у свабоднай Эўропе», — сказаў Манцэвіч на цырымоніі, піша БАЖ.
Журналіст зь Вілейкі Аляксандар Манцэвіч стварыў «Рэгіянальную газету» ў красавіку 1995 года і ўзначальваў яе з моманту заснаваньня. Яна стала адным з першых прыватных выданьняў у Беларусі і да закрыцьця была вядучым незалежным СМІ ў Маладзечне і рэгіёне.
Аляксандра Манцэвіча затрымалі падчас сэрыі ператрусаў у рэгіянальных СМІ 15 сакавіка 2023 года. Яго абвінавацілі ў «распаўсюдзе загадзя ілжывай інфармацыі, якая дыскрэдытуе Беларусь і яе ўлады». Ягоны вырак: 4 гады зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму і штраф памерам 14 800 рублёў. Віны рэдактар незалежнага выданьня не прызнаў, што яшчэ раз пацьвердзіў у сваёй апошняй прамове ў судзе.
Аляксандр выйшаў на волю ў межах прымусовай дэпартацыі 11 верасьня 2025 года, тады 9 журналістаў былі вывезеныя з турмаў і сілком адпраўленыя ў Літву.
28 беларускіх журналістаў знаходзяцца зараз за кратамі ў Беларусі. Краіна займае чацьвёртае месца ў сьвеце па колькасьці зьняволеных журналістаў.
Журналісцкі форум у Вільні зладзілі беларускія і літоўскія журналісты разам з прадстаўнікамі літоўскай улады ў Цэнтры візытаў Сейма Літвы, піша Racyja.com.
На пачатку ўсіх прывітаў сьпікер Сейма Літвы Юозас Олекас, які зазначыў важнасьць заставацца сапраўднымі журналістамі ў складаны час, бо голас журналістаў — гэта голас свабоды.
Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец заявіў, што самая галоўная праблема — тое, што сябры арганізацыі за кратамі, і ён спадзяецца на хуткае іх вызваленьне:
«Мы ж разумеем, што кожны дзень за кратамі выкрасьлены з жыцьця. Тыя, хто выйшлі на волю, яны ж таксама сутыкаюцца з праблемамі. Шмат хто з іх нават дакумэнтаў не мае. Яны не могуць вярнуцца ў Беларусь і выбраць краіну, дзе яны могуць пражываць».
Форум