Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Аўстраліі пасьля тэракту запусьцяць вялікую праграму выкупу зброі


Людзі глядзяць на кветкі, ускладзены ў памяць ахвяраў забойстваў на пляжы Бондзі ў Сыднэі
Людзі глядзяць на кветкі, ускладзены ў памяць ахвяраў забойстваў на пляжы Бондзі ў Сыднэі

Урад Аўстраліі запусьціць найбуйнейшую за амаль 30 гадоў праграму выкупу зброі пасьля тэракту, які адбыўся на пляжы Бондзі ў Сыднэі. Пра гэта паведаміў прэм’ер-міністар краіны Энтані Альбанэзэ.

Паводле яго, праграма найперш будзе тычыцца нядаўна забароненай і незаконнай агнястрэльнай зброі. Улады чакаюць, што ў межах гэтай ініцыятывы будуць сабраныя і зьнішчаныя сотні тысяч адзінак агнястрэльнай зброі.

Прэмʼер-міністар адзначыў, што апошні раз законы аб зброі ў Аўстраліі істотна рэфармаваліся пасьля масавага забойства ў Порт-Артуры на Тасманіі ў 1996 годзе — тады загінулі 35 чалавек.

«Жудасныя падзеі ў Бондзі паказваюць, што нам трэба прыбраць больш зброі з нашых вуліц. Мы ведаем, што адзін з гэтых тэрарыстаў меў ліцэнзію на агнястрэльную зброю і шэсьць адзінак зброі, нягледзячы на тое, што жыў у самым цэнтры Бонірыге, прымесьця Сыднэя. Няма прычын, па якіх камусьці ў такой сытуацыі было б трэба столькі зброі».

Прэмʼер-міністар дадаў, што цяпер у Аўстраліі больш за чатыры мільёны адзінак агнястрэльнай зброі — гэта больш, чым было на момант стральбы ў Порт-Артуры амаль 30 гадоў таму.

Тэракт у Сіднэі адбыўся 14 сьнежня падчас цырымоніі запальваньня сьвечак з нагоды сьвята Ханука на пляжы Бондзі, куды прыйшлі прадстаўнікі мясцовай габрэйскай супольнасьці. Паводле зьвестак паліцыі, страляніну распачалі 50-гадовы бацька Саджыд Акрам, забіты пры затрыманьні, і ягоны сын Навід, выхадцы з Пакістану. Ахвярамі сталі 15 чалавек, больш за 40 былі параненыя.

Альбанэзэ назваў 14 сьнежня «чорным днём» для краіны, рэзка асудзіў антысэмітызм і паабяцаў абарону яўрэйскай супольнасьці.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG