Міністар замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі заявіў, што ўлады Беларусі могуць не пакінуць Польшчы іншай магчымасьці, як закрыць мяжу.
«Гэта наша сувэрэннае права. Большасьць памежных пераходаў ужо закрылі, што відавочна зьвязана зь нязручнасьцямі як для простых беларусаў, так і нашых грамадзян. Але рэжым можа нам не пакінуць іншай магчымасьці», — працытавала Радослава Сікорскага беларускае выданьне reform.news зь ягонага інтэрвію польскаму радыё RMF24.
У адказ на пытаньне, ці дапаможа закрыцьцё мяжы вызваліць Анджэя Пачобута і выдаць мігранта, які сьмяротна параніў польскага жаўнера, польскі міністар заявіў: «Беларусь ведае, што трэба зрабіць, каб дачыненьні палепшыліся». Ён дадаў, што зьняволеньне дзеяча польскай дыяспары, як і навучаньне агрэсіўных мігрантаў, зьяўляюцца непрымальнымі для польскага боку.
Паводле польскага міністра, узаемныя стасункі пагоршыліся зь віны Беларусі. «Гэта ў Беларусі бяспрыкладная колькасьць палітычных зьняволеных, у тым ліку Анджэй Пачобут. Гэта Беларусь, нагадаю, пасадзіла эўрапейскі самалёт, каб арыштаваць дысыдэнта, за што атрымала эўрапейскія санкцыі і ў выніку выйшла з дамовы аб рэадмісіі», — аргумэнтаваў ён.
У той жа час Радослаў Сікорскі прызнаў, што колькасьць спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы мігрантамі з боку Беларусі «крыху зьнізілася».
«Але мы бачым, што рэжым расейскі, беларускі, выкарыстоўвае, уключае і выключае, наплыў нелегальных мігрантаў адпаведна нейкім палітычным інструкцыям. Так сябе не паводзіць добры сусед. Беларусь мусіць нешта зрабіць, каб дачыненьні палепшыць», — дадаў Радослаў Сікорскі.
Паводле інфармацыі міністра замежных спраў Польшчы, Кітай выказаў Беларусі «занепакоенасьць» сытуацыяй на мяжы з Польшчай і ў сувязі з рухам тавараў і фізычных асобаў празь мяжу. Раней гэтую тэму на перамовах у Кітаі абмяркоўваў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда.
15 ліпеня міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў заявіў, што Беларусь гатовая «прыняць любую польскую дэлегацыю, любых польскіх экспэртаў, спэцыялістаў, прадстаўнікоў кіраўніцтва, для таго каб разам паглядзець сытуацыю на мяжы».
Ён сказаў журналістам, што Беларусь гатовая да дыялёгу, каб разрадзіць абстаноўку на мяжы з Польшчай:
«Нядаўна кіраўнік нашай дзяржавы прапанаваў польскаму боку (і гэтая пазыцыя была даведзеная да часовага паверанага ў справах Польшчы ў Рэспубліцы Беларусь): мы гатовыя прыняць любую польскую дэлегацыю, любых польскіх экспэртаў, спэцыялістаў, прадстаўнікоў кіраўніцтва, для таго каб разам паглядзець сытуацыю на мяжы... Мы прапануем любым іншым арганізацыям, прадстаўнікам краінаў ЭЗ, якія тут знаходзяцца, таксама прыехаць на мяжу, паглядзець, пагаварыць, падыскутаваць, намеціць нейкія пляны», — заявіў кіраўнік МЗС.
2 ліпеня Аляксандар Лукашэнка чарговы раз заявіў, што нелегальныя мігранты ідуць у Эўразьвяз, таму што іх туды «пазвалі», у Беларусі іх «лавіць ня будуць».
Зь вясны 2021 году на мяжы Беларусі і Эўразьвязу працягваецца міграцыйны крызіс, які ўлады Польшчы і краін Балтыі называюць «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.
Умовы польскага боку
13 чэрвеня на польска-беларускай мяжы пачала дзейнічаць буфэрная зона, пакуль тэрмін быў вызначаны ў 90 дзён. Паводле інфармацыі МУС Польшчы, дзякуючы ёй колькасьць спробаў парушэньня мяжы скарацілася прыкладна на траціну.
26 чэрвеня прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда па выніках сустрэчы са старшынём КНР Сі Цзіньпінам, якая адбылася ў Пэкіне, адзначыў, што «гібрыдная атака» на беларуска-польскай мяжы стала перашкодай для рэалізацыі кітайскай ініцыятывы «Адзін пояс — адзін шлях». Днём раней МЗС Кітаю заявіў, што разьлічвае на паважлівыя ўзаемаадносіны Польшчы і Беларусі і вырашэньне праблемы на мяжы «шляхам кансультацый».
Па словах кіраўніка МЗС Польшчы Радослава Сікорскага, Варшава разглядае магчымасьць закрыцьця ўсіх пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю — для грузаў, але не людзей.
Паводле яго, ад Беларусі залежыць, ці хоча яна мець лепшыя ці горшыя добрасуседзкія адносіны з Польшчай.
«У нас ёсьць асноўныя патрабаваньні: павінен выйсьці Анджэй Пачобут і павінна скончыцца акцыя сілавога высыланьня мігрантаў», — заявіў Сікорскі.
Форум