Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джо Байдэн патлумачыў, чаму рашыў зьняцца з прэзыдэнцкай гонкі: каб перадаць эстафэту новаму пакаленьню


Джо Байдэн
Джо Байдэн

Увечары 24 ліпеня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн выступіў у Авальным кабінэце з заявай аб прычынах свайго рашэньня адмовіцца ад барацьбы за другі прэзыдэнцкі тэрмін.

«Быць вашым прэзыдэнтам было гонарам майго жыцьця. Але абарона дэмакратыі, якая сёньня знаходзіцца пад пагрозай, важнейшая за любую пазыцыю», — сказаў прэзыдэнт ЗША ў пачатку звароту.

Джо Байдэн падкрэсьліў, што краіна знаходзіцца на раздарожжы і патрабуе лідэра, які згуртуе яе і павядзе наперад. Тлумачачы сваё рашэньне, Байдэн сказаў, што ў апошнія тыдні для яго стала яснай неабходнасьць аб’яднаньня Дэмакратычнай партыі, каб яна магла выконваць задачу абароны дэмакратыі:

«Я лічыў, што маё лідэрства ў сьвеце і бачаньне будучыні краіны — падстава для другога прэзыдэнцкага тэрміну, але нішто не павінна перашкаджаць захаваньню нашай дэмакратыі. Найлепшы шлях наперад — перадаць эстафэту новаму пакаленьню, гэта найлепшы шлях аб’яднаньня нашай краіны».

Байдэн нагадаў амэрыканцам пра дасягненьні апошніх трох гадоў свайго прэзыдэнцтва. Паводле яго, упершыню ў XXI стагодзьдзі Амэрыка не ўступіла ў вайну, але ў той жа час яна стала на абарону Ўкраіны, аб’екта расейскай агрэсіі.

У сваёй 10-хвіліннай прамове Байдэн аднойчы згадаў імя віцэ-прэзыдэнткі Камалы Гарыс, якая, праўдападобна, стане яго пераемніцай у якасьці кандыдата ў прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі. Ён назваў Гарыс «дасьведчаным, моцным, здольным» палітыкам.

У тэлеінтэрвію два тыдні таму Джо Байдэн заяўляў, што здыме сваю кандыдатуру толькі «на загад Усемагутнага», настойваючы на тым, што бачыць сябе наймацнейшым супернікам Дональду Трампу на прэзыдэнцкіх выбарах.

Кандыдат у прэзыдэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп заявіў, што амаль не разумеў, пра што гаварыў Джо Байдэн, і назваў выступ «вельмі дрэнным». Старшыня Палаты прадстаўнікоў Майк Джонсан тады ж заклікаў прэзыдэнта Байдэна пайсьці ў адстаўку: «Калі ён непрыдатны балятавацца на пасаду прэзыдэнта, ён непрыдатны выконваць абавязкі прэзыдэнта». Прэс-сакратар Джо Байдэна назвала гэтыя заявы «сьмешнымі».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG