Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СБУ сабралі доказы незаконнай прыватызацыі нафтаправоду, якім валодаў і беларускі алігарх


Для выкананьня судовага рашэньня аб арышце нафтаправоду ў лютым 2021 году прыцягвалі супрацоўнікаў СБУ. Архіўнае фота
Для выкананьня судовага рашэньня аб арышце нафтаправоду ў лютым 2021 году прыцягвалі супрацоўнікаў СБУ. Архіўнае фота

Гаворка пра прыватызаваны ў 2015 годзе дзяржаўны нафтаправод «Самара — Заходні кірунак», якім валодала прадпрыемства «Прикарпатзахідтранс». Кантрольны пакет акцый гэтай кампаніі належаў Мікалаю Вараб'ю.

Сьледчыя Службы бясьпекі і Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро Ўкраіны выставілі новыя падазрэньні колішняму дэпутату, кіраўніку прарасейскай партыі Віктару Медзьведчуку (яго перадалі Расеі ў абмен на палонных украінскіх вайскоўцаў. — РС) у незаконнай прыватызацыі ў 2015 годзе дзяржаўнага нафтаправоду «Самара — Заходні кірунак».

Як адзначаецца ў паведамленьні прэсавай службы СБУ, аналягічныя падазрэньні выставілі і чатыром прадстаўнікам кіраўніцтва кампаніі «Прикарпатзахідтранс», якая была ўласьніцай і апэратарам гэтага ўчастку нафтаправоду.

Кампанія «Прикарпатзахідтранс» зарэгістраваная ў 2011 годзе. Зь дзяржаўнай уласнасьці Ўкраіны яе вывелі ў 2015 годзе. Тады суд пастанавіў перадаць усе актывы ў кіраваньне расейскай «Транснефти». Неўзабаве пасьля таго судовага рашэньня расейская «Транснефть» прадала трубаправод швайцарскай International Trading Partners AG, якую зьвязваюць з атачэньнем Віктара Медзьведчука.

У сакавіку 2019 году беларускі бізнэсовец Мікалай Варабей набыў 51% акцый прадпрыемства «Прикарпатзахідтранс», але ў 2021 годзе гэтую кампанію нацыяналізавалі.

«Паводле матэрыялаў справы, арганізатарам схемы па незаконнай прыватызацыі выступіў падазраваны ў дзяржаўнай здрадзе колішні дэпутат Віктар Медзьвядчук. Згодна з наяўнай інфармацыяй, ён пачаў яе рэалізацыю ў цеснай каардынацыі з тагачасным вышэйшым кіраўніцтвам Украіны і Расеі. Да схемы Медзьвядчук далучыў трэціх асобаў, якія далей атрымалі кіроўныя пасады на прадпрыемстве, якое прыватызавала гэты нафтаправод», — адзначаецца ў паведамленьні СБУ.

На просьбу Свабоды ўдакладніць, ці зьяўляецца Мікалай Варабей фігурантам гэтай справы, у прэсавай службе адказалі, што «могуць пацьвердзіць толькі тое паведамленьне, што апублікавалі на сайце СБУ».

У паведамленьні адзначаецца, што пасьля незаконнага прысабечваньня «„трубы“ Медзьвядчук і яго саўдзельнікі забясьпечылі яе функцыянаваньне праз прадпрыемства „Прикарпатзахідтранс“, а атрыманыя прыбыткі выводзілі на рахункі афіліяваных замежных кампаній і разьмяркоўвалі паміж сабой».

Уласьнікам «Прикарпатзахідтрансу» да продажу яго Вараб’ю была кампанія International Trading Partners AG. Неўзабаве пасьля пачатку збройнага канфлікту на ўсходзе Ўкраіны International Trading купіла нафтаправод у расейскай «Татнефти». Сама International Trading Partners AG зарэгістраваная ў Швайцарыі і, паводле СМІ, належыць блізкаму да Медзьведчука грамадзяніну Нямеччыны Анатолю Шэфэру.

У траўні 2019 году транспартаваньне дызэльнага паліва па гэтым трубаправодзе заблякавалі, каб вярнуць трубаправод у дзяржаўную ўласнасьць, а праваахоўныя органы пачалі расьсьледаваць законнасьць прыватызацыі. У студзені 2024 году Вярхоўны суд Украіны канчаткова прызнаў украінскую частку нафтаправоду дзяржаўнай уласнасьцю.

У 2021 годзе ў гэтай справе сьледчыя пракуратуры неаднаразова выклікалі на допыты экс-прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнку.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG