Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта проста выгадна». Як Беларусь працягвае гандляваць з Эўразьвязам


Загалоўнае ілюстрацыйнае фота. Чарга з фур на польска-беларускай мяжы, 2022 год
Загалоўнае ілюстрацыйнае фота. Чарга з фур на польска-беларускай мяжы, 2022 год

Краіны ЭЗ уводзяць новыя санкцыі супраць Беларусі, але гандаль не спыняецца. Што прадаюць і на якія сумы.

З 16 ліпеня Латвія забараніла заезд на сваю тэрыторыю машын зь беларускімі нумарамі праз памежныя пункты пропуску. Такую ж меру, хоць і з агаворкамі, з 18 ліпеня прыняла Літва. Заехаць на беларукіх нумарах у Літву можна да 16 жніўня, калі ўладальнік аўтамабіля мае візу ці дазвол на жыхарства і ўвозіць машыну толькі для асабістага карыстаньня.

Купілі ў Беларусі

За 5 месяцаў гэтага году краіны Эўразьвязу купілі ў Беларусі тавараў на 610,7 мільёна эўра, вынікае з дадзеных Эўрастату. Беларуская статыстыка гэтых зьвестак не публікуе з 2021 году. Летась за такі ж пэрыяд краіны ЭЗ імпартавалі зь Беларусі тавараў на 656 мільёнаў эўра.

Найбольш у Эўразьвязе куплялі прадуктаў беларускай хімічнай вытворчасьці — на 137,2 мільёна эўра. Прамысловыя тавары — 120,5 мільёна эўра, розныя прамысловыя вырабы — 106,6 мільёна эўра. Гэта могуць быць прамежкавыя тавары і паўсыравіна.

Найбольш буйныя пакупнікі беларускіх тавараў з ЭЗ:

  • Польшча — 209,8 мільёна эўра за 5 месяцаў
  • Латвія — 101,5 мільёна эўра
  • Літва — 95 мільёнаў эўра

У параўнаньні з такім жа пэрыядам летась экспарт зь Беларусі ў Польшчу ў грашовым вымярэньні вырас на 10,6%, у Латвію — на 8,3%, у Літву зьнізіўся амаль на траціну.

На думку экспэрта дасьледчага цэнтру Beroc Анатоля Харытончыка, Эўразьвяз працягвае купляць некаторыя беларускія тавары, бо для іх гэта проста выгадна.

«Ім выгадна зь нейкіх прычынаў. Яўна гэтая статыстыка паказвае прамыя пастаўкі, а частка яшчэ і рэімпартуецца, як, напрыклад, дрэва праз іншыя краіны. Статыстыка такога не паказвае. Відавочна, гэта значыць, што беларуская прадукцыя больш выгадная. Значыць, выніковыя страты, калі везьці зь іншых месцаў, будуць большыя. Магчыма, тэхналягічныя працэсы завязаныя на характарыстыках нейкай беларускай прадукцыі», — кажа Анатоль Харыточнык.

Памежны пераход на літоўска-беларускай мяжы ў Лаварышках, архіўнае фота
Памежны пераход на літоўска-беларускай мяжы ў Лаварышках, архіўнае фота

Прадалі ў Беларусь

За 5 месяцаў гэтага году Беларусь купіла ў Эўразьвязе тавараў на 3,5 мільярда эўра.

Асноўныя зь іх:

  • Машыны і транспартнае абсталяваньне — на 1,7 мільярда эўра
  • Прадукты хімічнай вытворчасьці — 755,5 мільёна эўра

Прамысловыя тавары, клясыфікаваныя паводле матэрыялу вырабу — 301,9 мільёна даляраў (прамежкавыя тавары і напаўсыравіна)

Асноўныя краіны, дзе Беларусь купляе прадукты ў ЭЗ:

  • Польшча — 1,1 мільярд эўра за 5 месяцаў
  • Нямеччына — 947,5 мільёна эўра
  • Літва — 552,5 мільёна эўра

Што да купляньня Беларусьсю тавараў у Эўразьвязе, то, на думку Анатоля Харытончыка, частка зь іх перапрадаецца ў Расею. Як, напрыклад, аўтамабілі і іх запчасткі. А ад нейкай эўрапейскай прадукцыі Беларусь проста ня можа адмовіцца.

«Раней інвэстыцыйныя тавары пастаўляліся з Эўропы, бо абсталяваньне якаснае, яно выкарыстоўвалася на заводах. Калі заводы працавалі на эўрапейскім абсталяваньні, то нельга іх адразу перавесьці на кітайскія дэталі. Зараз частка гэтага абсталяваньня можа таксама ісьці на рээкспарт у Расею. Таксама значная частка беларускага імпарту з ЭЗ — гэта фармацэўтыка. Гэта такі балючы пункт. Калі яго перакрыюць, пацярпяць людзі», — зважае экспэрт.

У дакрызісным 2019 годзе Беларусь прадала ў ЭЗ тавараў на 7,6 мільярда эўра (8,4 мільярда даляраў). Імпарт тады склаў 6,6 мільярда эўра (7,3 мільярда даляраў).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG