Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новае апытаньне ў ЗША паказала невялікую перавагу Гарыс над Трампам у прэзыдэнцкай гонцы


Камала Гарыс
Камала Гарыс

Віцэ-прэзыдэнтка ЗША Камала Гарыс нязначна апярэдзіла рэспубліканца Дональда Трампа на два працэнтныя пункты ў першым агульнанацыянальным апытаньні пасьля рашэньня Джо Байдэна завяршыць сваю перадвыбарную кампанію, паказала сьвежае апытаньне Reuters/Ipsos.

Па выніках апытаньня, праведзенага 22–23 ліпеня, у Камалы Гарыс цяпер 44% галасоў супраць 42% у Дональда Трампа. У той жа час розьніца знаходзіцца ў межах статыстычнай хібнасьці ў 3 працэнтныя пункты, адзначае Reuters.

Вынікі можна параўнаць зь нязначным адставаньнем Байдэна ў два працэнтныя пункты ад Трампа ў апытаньні на мінулым тыдні перад ягоным нядзельным выхадам з прэзыдэнцкай гонкі.

У папярэднім апытаньні 15–16 ліпеня Гарыс і Трамп мелі роўныя 44%, а ў апытаньні 1–2 ліпеня Трамп меў перавагу ў адзін працэнтны пункт.

Акрамя таго, у апошнім апытаньні 56% зарэгістраваных выбарнікаў ЗША заявілі, што 59-гадовая Камала Гарыс «мае востры розум і здольная спраўляцца з выклікамі». Пра 78-гадовага Дональда Трампа такое сказалі толькі 49%, а пра 81-гадовага Джо Байдэна — толькі 22%.

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў 21 ліпеня, што пакідае выбарчую гонку «ў інтарэсах партыі і краіны» і падтрымлівае віцэ-прэзыдэнтку Камалу Гарыс у якасьці новага кандыдата ад Дэмакратычнай партыі на прэзыдэнцкіх выбарах у лістападзе.

У першыя гадзіны пасьля адпаведнай заявы за кандыдатуру Гарыс выказаліся многія вядучыя палітыкі-дэмакраты і зоркі. У яе выбарчы фонд паступіла больш за 80 мільёнаў даляраў ахвяраваньняў ад 888 тысяч донараў.

Гарыс — фаварыт сярод магчымых намінантаў. Да вечара 23 ліпеня ніводзін з дэмакратаў, акрамя Гарыс, не абвясьціў пра намер змагацца за намінацыю. Губэрнатары некалькіх штатаў, якіх называлі магчымымі канкурэнтамі Гарыс, заявілі пра падтрымку яе кандыдатуры. Да іх далучылася былая сьпікерка Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Нэнсі Пэлосі.

Сярод вострых тэмаў гэтай амэрыканскай выбарчай кампаніі — іміграцыйная рэформа, правы на аборты і дапамога Ўкраіне для абароны ад Расеі. Выбарнікі, якія ня вызначыліся ў такіх штатах, як Пэнсыльванія, Мічыган і Вісконсін, патэнцыйна могуць вызначыць, хто пераможа агулам па ЗША.

Як чакаецца, Трамп будзе атакаваць дзейнасьць Гарыс у галіне іміграцыі і маляваць яе як прадстаўніцу «радыкальных левых» Дэмакратычнай партыі.

Гарыс, у сваю чаргу, можа засяродзіцца на дасягненьнях адміністрацыі за апошнія 4 гады, уключаючы моцны рост колькасьці працоўных месцаў, зьніжэньне цэнаў на лекі і прабачэньне запазычанасьці ў аплатах за вучобу для студэнтаў. Імаверна, палітык таксама засяродзіцца на сваіх спробах абараніць выбарчыя правы і правы на аборты.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG