Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША адрэагаваў на прысуд журналістцы Радыё Свабода Алсу Курмашавай


Алсу Курмашава ў судзе. Архіўнае фота
Алсу Курмашава ў судзе. Архіўнае фота

Журналістку татара-башкірскай службы Радыё Свабода асудзілі на 6 з паловай гадоў пазбаўленьня волі.

Пазыцыю Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША выказаў прэс-сакратар арганізацыі Мэт’ю Мілер.

«Мы па-ранейшаму засяроджаныя на справе Алсу Курмашавай. Яна самаадданая журналістка, якая стала мішэньню для расейскіх уладаў за бескампраміснае жаданьне гаварыць праўду і прынцыповае асьвятленьне падзей».

У Дзярждэпартамэнце адзначаюць, што патрабуюць неадкладнага вызваленьня Курмашавай, бо «журналістыка не злачынства».

Вярхоўны суд Татарстану (ВС РТ) прызнаў журналістку татара-башкірскай службы Радыё Свабода Алсу Курмашаву вінаватай у распаўсюджваньні «фэйкаў» пра расейскую армію (артыкул 207.3 КК РФ) і асудзіў яе на 6,5 года зьняволеньня ў калёніі. Пра гэта паведамляе Associated Press з спасылкай на кіраўніцу прэс-службы суду Натальлю Лосеву.

Раней у прэс-службе ВС РТ «Медиазоне» паведамілі, што справа «паступіла ў суд з грыфам „сакрэтна“, яна разглядалася ў закрытым рэжыме». Associated Press адзначае, што прысуд вынесьлі ў мінулую пятніцу.

Прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Стывэн Капус назваў прысуд «насьмешкай над правасудзьдзем» і заявіў, што «адзіны справядлівы зыход — гэта неадкладнае вызваленьне Алсу з турмы».

«Для гэтай амэрыканскай грамадзянкі, нашай дарагой калегі, ужо даўно настаў час узьяднацца са сваёй любімай сям’ёй», — сказаў Капус.

  • У Алсу Курмашавай двайное грамадзянства: ЗША і Расеі. Да арышту яна жыла ў Празе з мужам і дзецьмі. У сярэдзіне траўня 2023 году прыехала ў родны горад Казань да хворай маці. 2 чэрвеня ў аэрапорце Казані — перад вылетам дадому ў Прагу — яе затрымалі сілавікі. У яе канфіскавалі амэрыканскі і расейскі пашпарты. Празь некалькі дзён на журналістку завялі крымінальную справу аб непаведамленьні пра другое грамадзянства (арт. 330.2 КК).
  • Пазьней ёй выставілі абвінавачаньне ў тым, што яна не зьвярнулася да ўладаў і не папрасіла зарэгістраваць яе ў якасьці «іншаземнага агента» (ч. 3 арт. 330.1 КК). Яшчэ амаль праз два месяцы на яе завялі новую крымінальную справу — аб распаўсюджваньні «фэйкаў» пра расейскую армію. Падставай стала апублікаваная рэдакцыяй Idel.Рэаліі кніга «Не — вайне. 40 гісторый расейцаў, якія выступаюць супраць уварваньня ва Ўкраіну».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG