Асуджаны на сьмяротнае пакараньне Рыка Крыгер прызнаны вінаватым у падрыве на станцыі Азярышча. На судзе мужчына даваць паказаньні адмовіўся, піша «СБ. Беларусь сегодня».
Паводле публікацыі, у Беларусь Крыгер прыехаў турыстам 2 кастрычніка 2023 году з тэлефонамі і бесьпілётнікам. Ад СБУ ён нібыта атрымаў заданьне правесьці ў Асіповічах выведку і сфатаграфаваць вайсковыя аб’екты.
4 кастрычніка Крыгер сфатаграфаваў тэрыторыю в/ч 97115 і вайсковую тэхніку. На наступны дзень — участак чыгункі, вагоны, пагрузачна-разгрузачную плятформу побач са станцыяй Азярышча.
Пасьля гэтага грамадзянін Нямеччыны нібыта атрымаў каардынаты і фота тайніка з самаробнай выбуховай прыладай, а таксама інструкцыю, як усталяваць яе на чыгунцы. Схованку Крыгер знайшоў у лесапасадцы ў Першамайскім раёне Менску, пад апорай ЛЭП. Перавёз выбухоўку і ўстанавіў яе на чыгуначнай каляіне станцыі. Пасьля гэтага адправіўся ў гатэль.
Выбух адбыўся 5 кастрычніка ў 23:22. Паводле інфармацыі аднаго са сьведак, 6 кастрычніка на шляху, дзе заклалі выбухоўку, павінна была грузіцца вайсковая тэхніка.
«Беларусь сегодня» піша, што Крыгера затрымалі 6 кастрычніка. У гэты дзень ён плянаваў ляцець у Баку. На судзе прызнаў сябе вінаватым толькі па адным артыкуле — «Агентурная дзейнасьць».
- Суд над грамадзянінам Нямеччыны Рыка Крыгерам праходзіў у Менскім абласным судзе з 6 чэрвеня. Паводле інфармацыі «Вясны», Крыгера прызналі вінаватым ва «ўчыненьні выбуху ў мэтах аказаньня ўзьдзеяньня на прыняцьце рашэньняў органамі ўлады, застрашваньня насельніцтва, дэстабілізацыі грамадзкага парадку (акце тэрарызму), зьдзейсьненым асобай, якая раней учыніла злачынства, прадугледжанае ч. 4 арт. 295 КК, арганізаванай групай, то бок у зьдзяйсьненьні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 289 КК».
Форум