Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камала Гарыс упершыню выступіла пасьля заявы Байдэна ў падтрымку яе вылучэньня ў прэзыдэнты


Камала Гарыс выступае перад чальцамі Нацыянальнай асацыяцыі студэнцкага спорту, Белы дом, Вашынтон, ЗША, 22 ліпеня 2024 году.
Камала Гарыс выступае перад чальцамі Нацыянальнай асацыяцыі студэнцкага спорту, Белы дом, Вашынтон, ЗША, 22 ліпеня 2024 году.

Віцэ-прэзыдэнт ЗША Камала Гарыс у панядзелак выступіла з прамовай на лужку Белага дома. Гэта яе першы публічны выступ, пасьля таго, як прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн абвясьціў аб адмове балятавацца на другі тэрмін і падтрымаў магчымае вылучэньне Гарыс кандыдатам на маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбарах.

Мерапрыемства ў Белым доме было прысьвечанае сустрэчы з чальцамі Нацыянальнай асацыяцыі студэнцкага спорту. Прысутнічалі маладыя спартоўцы, у тым ліку міжнародныя чэмпіёны і прызёры, і шэсьць удзельнікаў маючай адбыцца ў Парыжы Алімпіяды.

Гарыс пачала сваю прамову з таго, што пажадала спартоўцам посьпехаў на маючых адбыцца спаборніцтвах. Яна сказала, што прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ня змог прысутнічаць на сустрэчы, паколькі ачуньвае ад каранавіруса, і сказала некалькі словаў пра яго самога.

«Спадчына Джо Байдэна на працягу вось ужо трох гадоў не мае аналягаў у сучаснай гісторыі. Кожны дзень наш прэзыдэнт Джо Байдэн змагаецца за амэрыканскі народ, і мы глыбока ўдзячныя яму за яго служэньне нашай краіне», — прыводзіць яе словы «Голас Амэрыкі».

Гарыс не казала пра ўласныя пляны балятавацца на прэзыдэнта, паколькі амэрыканскія законы, у прыватнасьці так званы акт Хэтча, забараняюць дзяржаўным служачым пры выкананьні службовых абавязкаў весьці палітычную дзейнасьць. Забарона не распаўсюджваецца на прэзыдэнта і віцэ-прэзыдэнта ЗША, але калі б віцэ-прэзыдэнтка захацела на афіцыйнай сустрэчы гаварыць пра ўласныя палітычныя пляны, парушальнікамі закону аказаліся б усе супрацоўнікі Белага дому, якія б бралі ўдзел у падрыхтоўцы сустрэчы, удакладняе Бібісі.

У пасьце на плятформе X Гарыс паведаміла, што пазьней у панядзелак накіроўваецца ў Дэлавэр, каб наведаць былы перадвыбарчы штаб Байдэна, які стане зараз штаб-кватэрай яе перадвыбарчай кампаніі.

Прадстаўнікі перадвыбарчага штабу і саюзьнікі Гарыс ужо зрабілі сотні званкоў ад яе імя, заклікаючы дэлегатаў зьезду Дэмакратычнай партыі, які мае адбыцца, падтрымаць яе кандыдатуру на пасаду прэзыдэнта.

Зьезд адкрыецца 19 жніўня ў Чыкага.

У нядзелю прэзыдэнт Джо Байдэн абвясьціў аб спыненьні сваёй кампаніі па перавыбраньні на новы тэрмін. Ён выказаўся ў падтрымку кандыдатуры Камалы Гарыс. «Для мяне вялікі гонар атрымаць ухвалу прэзыдэнта, і я маю намер заслужыць і выйграць гэтую намінацыю, — сказала Харыс. — Я зраблю ўсё, што ў маіх сілах, каб аб’яднаць Дэмакратычную партыю і наш народ, каб перамагчы Дональда Трампа».

У Дэмакратычнай партыі застаецца менш за чатыры месяцы на перадвыбарчую кампанію. Паводле ацэнак крыніц агенцтва Reuters, у штабе Трампа апошнія некалькі тыдняў рыхтаваліся да таго, што Гарыс можа ўступіць у прэзыдэнцкую гонку. Кампанія Трампа імкнецца зьвязаць з Гарыс эканамічную і іміграцыйную палітыку Байдэна, адзначаюць крыніцы.

Як паведамляецца, Гарыс паразмаўляла з лідэрам дэмакратычнай меншасьці ў Палаце прадстаўнікоў Хакімам Джэфрысам, а таксама з губэрнатарам Пэнсільваніі Джошам Шапірам, якога некаторыя СМІ называюць магчымым кандыдатам у віцэ-прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі.

Губэрнатар Каліфорніі Гэвін Ньюсам і губэрнатар Кентукі Эндзі Бешыр падтрымалі кандыдатуру Гарыс. Экс-сьпікер Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пеласі і былы прэзыдэнт Барак Абама пакуль афіцыйна не выступалі па гэтым пытаньні.

Губэрнатар Мічыгана Гретхэн Уітмер таксама пакуль не выказвалася на гэтую тэму.

У 2020 годзе Гарыс прэтэндавала на прэзыдэнцкую намінацыю ад Дэмакратычнай партыі, але пазьней зьняла сваю кандыдатуру і падтрымала Джо Байдэна.

Паводле дадзеных Фэдэральнай выбарчай камісіі ЗША, у канцы чэрвеня ў распараджэньні кампаніі Байдэна было 95 мільёнаў даляраў. У Трампа было 128 мільёнаў даляраў. Экспэрты разыходзяцца ў меркаваньнях аб тым, ці зможа Гарыс выкарыстоўваць сродкі, сабраныя для Байдэна.

Ужо пасьля таго, як Байдэн абвясьціў аб выхадзе з прэзыдэнцкай гонкі, штабу Гарыс удалося прыцягнуць 49,6 мільёнаў даляраў, паведаміў у панядзелак прадстаўнік перадвыбарчага штабу віцэ-прэзыдэнта.

Рэспубліканцы раскрытыкавалі магчымае вылучэньне Камалы Гарыс у прэзыдэнты. «Мала таго, што Гарыс стала б катастрофай для Белага дому, яна дапамагла Байдэну схаваць факты пагаршэньня яго здароўя падчас знаходжаньня на пасадзе, што падрывае давер да яе», — гаворыцца ў заяве Нацыянальнага камітэту Рэспубліканскай партыі.

«Падобна на тое, апытаньні паказваюць, што мае паказчыкі ў супрацьстаяньні зь ёй яшчэ лепш, чым з Байдэнам», — заявіў Дональд Трамп.

Мяркуючы па выніках сумеснага апытаньня Reuters і Ipsos, праведзенага 15-16 ліпеня, за Гарыс і Трампа гатовая прагаласаваць прыкладна аднолькавая колькасьць выбаршчыкаў: абодвух падтрымалі 44% рэспандэнтаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG