Томас Гіфт, дацэнт паліталёгіі Лёнданскага ўнівэрсытэцкага каледжу, быў зьдзіўлены, што Байдэн пайшоў у адстаўку.
«Кожны раз, калі сябар Кангрэсу заклікаў Байдэна пайсьці ў адстаўку, ён наносіў яму шкоду. Байдэн упарціўся, дэмакраты раздражняліся, яны зноў заклікалі Байдэна пайсьці ў адстаўку, Байдэн адказваў „не“, і заганнае кола працягвалася. Гэта проста не было ўстойлівым у доўгатэрміновай пэрспэктыве. Байдэн сапраўды вёў дзьве вайны адначасова: адну супраць Дональда Трампа і Рэспубліканскай партыі, а потым супраць сваёй партыі, дэмакратаў. Я думаю, гэтага было зашмат, каб працягваць выбарчую кампанію да ўсеагульных выбараў».
Таксама палітоляг лічыць, што разам з адстаўкай паўстае пытаньне, а ці здольны Байдэн кіраваць краінай наступныя 4-5 месяцаў, калі адмовіўся ад прэзыдэнцкай гонкі? Ня ўсе дэмакраты пагодзяцца, што Камала Гарыс — ідэальная наступніца Байдэна ў партыі, але ягоная падтрымка для яе мае важнае значэньне. Акрамя таго, як паказваюць апошнія апытаньні грамадзкай думкі, Гарыс мае крыху вышэйшыя шанцы за Джо Байдэна супраць Дональда Трампа.
«Але ў канчатковым выніку гэта будзе вызначацца невялікім адсоткам галасоў у адносна невялікай колькасьці няўстойлівых штатаў, такіх як Агаё, Пэнсыльванія, Мічыган, Вісконсін, Джорджыя, Арызона. Абодва бакі будуць пад напругай, і мы паглядзім, як гэта атрымаецца».
На думку Гіфта, для Трампа замена Байдэна на Гарыс мала што зьменіць — ён зацікаўлены найбольш у заахвочваньні і актывізацыі свайго «жалезнага» электарату, а не ў пашырэньні кола асобаў, якія маглі б за яго прагаласаваць.
На пытаньне адносна «палітычнай спадчыны» Байдэна экспэрт адказаў, што той мае быць задаволены тым, што пакінуў пасьля сябе. Ён аддана служыў ЗША па пасадзе прэзыдэнта і ў Сэнаце. Адно што для паўнавартаснай кампаніі дэмакратаў на выбары ён мог выйсьці з гонкі некалькі месяцаў таму, а не цяпер, калі пра поўны цыкль перадвыбарнай барацьбы для Камалы Гарыс ужо не выпадае гаварыць.
Пры гэтым іншыя палітолягі адзначаюць, што зусім ня так адназначна тое, што менавіта Камала Гарыс прадставіць Дэмакратычную партыю на выбарах прэзыдэнта 5 лістапада.
Разам з Байдэнам былы прэзыдэнт Біл Клінтан і ягоная жонка, былая дзяржсакратар і няўдалая кандыдатка ў прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі ў 2016 годзе Гілары Клінтан, падтрымалі Гарыс 21 ліпеня, адразу пасьля таго, як Байдэн выступіў з заявай аб тым, што выбывае з гонкі. Але некалькі іншых буйных чыноўнікаў Дэмакратычнай партыі ўстрымаліся ад яе падтрымкі, у тым ліку былы прэзыдэнт Барак Абама, былы сьпікер Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі, лідэр меншасьці ў Палаце прадстаўнікоў Гакім Джэфрыс і лідэр большасьці ў Сэнаце Чак Шумэр. Многія лідэры партыі лічаць, што ёсьць іншыя кандыдаты, якія маюць больш шанцаў перамагчы прадстаўніка Рэспубліканскай партыі і экс-прэзыдэнта Дональда Трампа на выбарах.
Абама сказаў, што ў яго ёсьць «надзвычайная ўпэўненасьць у тым, што лідэры нашай партыі змогуць стварыць працэс, зь якога выйдзе выбітны кандыдат». Былы прадстаўнік адміністрацыі Абамы Дэвід Аксэльрод заявіў, што галоўныя палітыкі Дэмакратычнай партыі цяпер не сьпяшаюцца з высновамі, спрабуючы знайсьці адказ на пытаньне, ці сапраўды здольная Гарыс пазмагацца з Трампам за прэзыдэнцтва.
Прафэсар Мэт’ю Далек, гісторык палітычных навук Унівэрсытэту Вашынгтона, заявіў у камэнтары цэнтральнаму бюро Свабоды, што зараз шанцы Гарыс стаць кандыдаткай ад Дэмакратычнай партыі вырасьлі ня толькі праз падтрымку Байдэна, але й праз тое, што ніхто зь вядомых дзеячоў дэмакратаў ня кінуў ёй выклік неадкладна пасьля выхаду Байдэна з гонкі.
Магчымыя супернікі Гарыс сярод дэмакратаў перад чыкаскім зьездам
Грэтхен Уітмэр (52 гады), губэрнатар Мічыгану: папулярны губэрнатар у «вырашальным» штаце, Уітмэр адносна маладая і мае пэўнае нацыянальнае прызнаньне, паколькі яе імя часта згадвалася як магчымая замена Байдэну ў выпадку яго выхаду. Трамп у цяперашні час перамагае ў апытаньнях грамадзкай думкі ў Мічыгане, і Ўітмэр можа дапамагчы захаваць штат для дэмакратаў;
Джо Манчын (76), сэнатар ад Заходняй Вірджыніі: незалежны заканадаўца, якога часта крытыкавалі дэмакраты за тое, што ён не заўсёды галасаваў разам са сваімі паплечнікамі ў партыі. Манчын зарэгістраваўся ў якасьці незалежнага кандыдата ў пачатку гэтага году. 22 ліпеня ён заявіў, што «прасоўвае гэты працэс» і выказаў спадзевы, што іншыя далучацца да гонкі за кандыдата ад Дэмакратычнай партыі.
Джош Шапіра (51), губэрнатар Пэнсыльваніі: як і Ўітмэр, Шапіра зьяўляецца папулярным маладым губэрнатарам важнага штату, які вагаецца ў выбары. Байдэн перамог у Пэнсыльваніі на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году, але цяпер дэмакраты саступаюць у апытаньнях. Аднак ён можа і не паслаць выклік — 21 ліпеня Шапіра заявіў, што падтрымлівае Гарыс у якасьці кандыдаткі на пасаду прэзыдэнта ад дэмакратаў;
Гэвін Ньюсам (57), губэрнатар Каліфорніі: Ньюсама шмат хто разглядаў як галоўнага кандыдата на замену Байдэна на фоне спэкуляцый аб яго сыходзе, і нават правёў нацыянальныя дэбаты з губэрнатарам Флёрыды Ронам Дэ Сантысам у лістападзе, калі Дэ Сантыс кінуў выклік Трампу. Аднак раней Ньюсам заяўляў, што не будзе балятавацца супраць Гарыс.
Іншыя магчымыя кандыдаты, якія згадваюцца, уключаюць губэрнатара Ілінойсу Дж. Б. Прыцкера (59), губэрнатара Кентукі Эндзі Бэшыра (46), губэрнатара Мэрылэнду Ўэса Мура (45), сэнатара ад Нью-Джэрсі Коры Букера (55), былога мэра Новага Арлеану Мітча Ляндрыё (63) і колішнюю першую лэдзі Мішэль Абаму (60).
Форум