Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне пацьвердзілі, што расейскія войскі пакінулі Беларусь пасьля вучэньняў «Захад-2025»


Украінскія памежнікі ў Чарнігаўскай вобласьці. Ілюстрацыйнае фота
Украінскія памежнікі ў Чарнігаўскай вобласьці. Ілюстрацыйнае фота

Цягам усіх вучэньняў украінскі бок не фіксаваў на тэрыторыі Беларусі «якой-небудзь актыўнасьці» ў кірунку мяжы з Украінай — ні ў непасрэднай блізкасьці, ні побач з самой памежнай лініяй.

Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка заявіў, што расейскія войскі пасьля ўдзелу ў вучэньнях «Захад-2025» пакінулі тэрыторыю Беларусі.

«Пасьля завяршэньня актыўнай фазы [вучэньняў] 16 верасьня мы пачалі назіраць, што яны фармавалі свае калёны для таго, каб рухацца ў бок Расеі. І цяпер, можна адзначыць, што такі рух адбыўся, яны не засталіся на тэрыторыі Беларусі», — сказаў Андрэй Дземчанка ў эфіры агульнанацыянальнага тэлемаратону «Адзіныя навіны».

Паводле яго, цягам усіх вучэньняў украінскі бок не фіксаваў на тэрыторыі Беларусі «якой-небудзь актыўнасьці» ў кірунку мяжы з Украінай — ні ў непасрэднай блізкасьці, ні побач з самой памежнай лініяй.

«Усе дзеяньні, усе лякацыі знаходзіліся ў глыбіні тэрыторыі Беларусі», — падкрэсьліў ён.

Андрэй Дземчанка паведаміў, што сытуацыю ў часе вучэньняў «Захад-2025» адсочвалі і выведка Міністэрства абароны, і выведка Дзяржаўнай памежнай службы, каб дакладна разумець, як разьвіваецца абстаноўка на тэрыторыі Беларусі, і ці ня будзе спробы стварыць якія-небудзь правакацыі ў кірунку ўкраінскай мяжы.

«Колькасьць тых сіл, якія Расея задзейнічала ў правядзеньні гэтых супольных вучэньняў, была неістотная. Але нягледзячы на тое, што вучэньні завяршыліся, гэты кірунак для нас, як і раней, застаецца пагрозьлівым і ў такім жа прыярытэце для бясьпекі, як і мяжа з Расеяй, і лінія фронту», — сказаў Андрэй Дземчанка.

Міністэрства абароны Беларусі 21 верасьня паведаміла, што расейскія вайскоўцы, якія ўдзельнічалі ў вучэньнях «Захад-2025» на беларускай тэрыторыі вярнуліся ў пункты сталай дысьлякацыі ў Расеі.

Вучэньні «Захад-2025» праходзілі з 12 па 16 верасьня. На час іх правядзеньня Польшча цалкам закрыла сваю мяжу зь Беларусьсю, і пакуль яе не адкрыла.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG