Лінкі ўнівэрсальнага доступу

NATO ўзмацняе абарону на ўсходнім флянгу пасьля ўварваньня расейскіх дронаў у Польшчу


Апэратары NATO працуюць на борце самалёта-выведніка ў паветранай прасторы Польшчы ў рамках новай місіі альянсу «Ўсходні вартавы». 19 верасьня 2020 году
Апэратары NATO працуюць на борце самалёта-выведніка ў паветранай прасторы Польшчы ў рамках новай місіі альянсу «Ўсходні вартавы». 19 верасьня 2020 году

NATO пачало новую місію ўмацаваньня абароны — апэрацыю «Ўсходні вартавы» — пасьля ўварваньня расейскіх бесьпілётнікаў у паветраную прастору Польшчы.

Восем саюзьнікаў ужо далучыліся да апэрацыі, але застаюцца пытаньні пра амэрыканскія рэсурсы, выдаткі і ці надоўга хопіць часовых захадаў, піша эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк.

Праз два дні пасьля беспрэцэдэнтнага ўварваньня бесьпілётнікаў Расеі на тэрыторыю Польшчы, якое адбылося 10 верасьня, NATO ў адказ пачала апэрацыю «Ўсходні вартавы» (Eastern Sentry).

Місія стартавала апэратыўна, 12 верасьня, але што канкрэтна яна ўключае, будзе канкрэтызавана найбліжэйшымі тыднмі. Уся ідэя, паводле вайсковага альянсу, палягае ва ўмацаваньні ягонай пазыцыі, узаемасувязяў і гнуткасьці на ўсім ягоным усходнім флянгу.

У той час як цяпер асноўная ўвага надаецца расейскім бесьпілётнікам і геаграфічна Польшчы, новая апэрацыя шматвэктарная, гэта значыць у ёй удзельнічаюць сухаземныя, морскія і паветраныя сілы, і прызначана яна запоўніць прагалы ад Паўночнага да Чорнага мора.

Аднак было дадзена зразумець, што апэрацыя тычыцца толькі тэрыторыі NATO, а гэта азначае, што плянаў абараняць неба заходняй Украіны няма. У той час як Кіеў вельмі вітаў бы такі крок, і ёсьць аргумэнт за атакаваньне расейскіх бесьпілётнікаў значна раней, многія краіны NATO асьцерагаюцца, што гэта можа наблізіць іх да простага канфлікту з Крамлём.

Інтэграваная сыстэма

Ключавая мэта зараз — перайсьці да інтэграванай сыстэмы. Раней асобныя хаўрусьнікі ў NATO праводзілі патруляваньне паветранай прасторы ў розных месцах, пры гэтым NATO давала ў кожным канкрэтным выпадку дадатковую падтрымку залежна ад ацэнкі пагрозы. Цяпер ідэя палягае на тым, каб мець больш спалучаных міжсобку рэсурсаў на ўсім усходнім флянгу — ці гэта будуць ракеты, ці антыдронавыя тэхналёгіі.

Новая ініцыятыва зьявілася ў выніку посьпеху аналягічнай апэрацыі Baltic Sentry, запушчанай у пачатку гэтага году ў адказ на шэраг меркаваных падводных дывэрсіяў Масквы ў Балтыйскім моры.

Афіцыйныя асобы NATO паведамілі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода на ўмовах ананімнасьці, што апошнім часам не было ніякіх спробаў пашкодзіць кабэлі ці іншую інфраструктуру ў рэгіёне. І хоць будзе больш складана перадухіліць усе прылёты дронаў на тэрыторыю NATO, тут лічыцца, што ўзмоцненая вайсковая прысутнасьць прымусіць «Расею двойчы падумаць, перш чым зноў выпрабоўваць».

Саюзьнікі робяць стаўкі

Восем краін ужо далучыліся да «Ўсходняга вартавога» і перадалі актывы ў распараджэньне галоўнага вайскавода сілаў NATO ў Эўропе (SACEUR) Алексуса Грынкевіча. Чакаецца, што неўзабаве далучацца іншыя.

Францыя была першай: яна надала тры зьнішчальнікі Rafale для разьмяшчэньня ў Польшчы, а таксама вайскова-транспартны самалёт Airbus A400M.

Некалькі брытанскіх самалётаў Typhoon будуць выконваюць абаронную місію ў польскім небе, а Нямеччына перамясьціла бліжэй да свайго ўсходняга суседа чатыры свае зьнішчальнікі Eurofighter, у кожны момант гатовыя да баявога палёту.

Італія і Данія таксама далі зразумець, што яны нададуць самалёты. Акрамя таго, Капэнгаген разьмясьціў ва ўсходняй частцы Балтыйскага мора вайсковы карабель.

Гішпанія і Швэцыя таксама спрычыняцца, а Чэхія ўжо разьмяшчае некаторыя войскі спэцыяльнага прызначэньня ў Польшчы і выпраўляе тры верталёты.

Тут трэба падкрэсьліць дзьве рэчы. Па-першае, дагэтуль няма новых амэрыканскіх актываў для Eastern Sentry.


Алексус Грынкевіч
Алексус Грынкевіч

На пытаньне пра гэта на прэс-брыфінгу Грынкевіч адказаў паўжартам: «Што да вайсковых актываў ЗША… то я тут і я ўдзельнічаю», а потым дадаў:

«Забавязаньні Злучаных Штатаў перад інтэграванай вайсковай структурай Альянсу захоўваюцца».

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, адказваючы 21 верасьня на пытаньне журналістаў, ці дапаможа ён абараніць Польшчу і краіны Балтыі, калі Масква працягне эскаляцыю, сказаў:

«Так, я б гэта зрабіў. Я б зрабіў».

Факт, што Злучаныя Штаты маюць больш за 10,000 вайскоўцаў, дысьлякаваных у Польшчы, і гэтая колькасьць можа нават павялічыцца.

У той час як шырока распаўсюджваюцца паведамленьні аб тым, што Вашынгтон перадысьлякуе вайскоўцаў з Эўропы на азіяцкія тэатры ваенных дзеяньняў, афіцыйныя асобы NATO, якія размаўлялі з Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, непахісна стаялі на тым, што ня маюць сьведчаньняў плянаў скарачэньня колькасьці войскаў на ўсходнім флянгу ў бліжэйшы час.

Праблема сродкаў

Другая праблема ў тым, што ўклад у Eastern Sentry дагэтуль адбываўся ў выглядзе дарагіх зьнішчальнікаў і іншага дарагога абсталяваньня. І гэта быў адзін з пунктаў крытыкі польскай і натаўскай рэакцыі на ўварваньне 10 верасьня — што зьнішчальнікі, якія каштуюць шмат мільёнаў, выкарыстоўвалі для абароны ад танных бесьпілётнікаў.

У той час як некаторыя эўрапейскія службоўцы прызнаюць, што Варшава хоча «паказаць сілу», іншыя сьцьвярджаюць, што гэты падыход эканамічна ня ўстойлівы у доўгатэрміновым пляне. Або, як выказаўся высокапастаўлены чыноўнік NATO:

«Мы, вядома, прызнаем, што вельмі дарагая ракета, выпушчаная зь вельмі і вельмі дарагога самалёта, — не найлепшы спосаб перамагчы дроны».

Такім чынам, «Усходні Вартавы» — гэта свайго роду тэрміновая мера на час, пакуль патэнцыйная «сьцяна для дронаў» ня зможа стаць рэальнасьцю і дапоўніць тое, што ўжо ёсьць.

NATO будзе адыгрываць цэнтральную ролю ў стварэньні такой сыстэмы, і з улікам таго, што ЭЗ сыгналізуе аб гатоўнасьці фінансаваць яе, праект, імаверна, будзе ажыцьцёўлены, але ў найлепшым выпадку праз два-тры гады. У той жа час вайсковы альянс вывучае наватарскі досьвед Латвіі з акустычнымі сэнсарамі, якія выяўляюць дроны хутчэй, а таксама новыя боепрыпасы, якія дазваляюць самалётам выкарыстоўваць таньнейшую зброю. Абедзьве інавацыі могуць быць укарэненыя даволі хутка.

Мабільныя агнявыя каманды — яшчэ адна мадэль, якую NATO можа пераняць з досьведу Ўкраіны. Кіеў выкарыстоўвае на полі бою гэтыя невялікія рухомыя падразьдзелы, узброеныя кулямётамі ці пераноснымі сыстэмамі СПА, зь вялікім посьпехам. Як сказаў Грынкевіч, калі пасьля адкрыцьця Eastern Sentry на яго націснулі мэдыя:

«Настаў час па-новаму зірнуць на гэта. І мы заўсёды вучымся. NATO — гэта арганізацыя, якая вучыцца».

  • 16x9 Image

    Рыкард Юзьвяк

    Рыкард Юзьвяк — эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ў Празе. Спэцыялізуецца на асьвятленьні дзейнасьці Эўрапейскага Зьвязу і NATO. Раней ён працаваў карэспандэнтам РСЭ/РС у Брусэлі, дзе асьвятляў мноства міжнародных самітаў, выбараў у Эўропе і рашэньняў міжнародных судоў. Ён рабіў рэпартажы з большасьці эўрапейскіх сталіц, а таксама з Цэнтральнай Азіі.

Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG