Порт Хадэйда на паўднёвым захадзе Емэну, які кантралюецца групоўкай «Ансар Алах» (вядомай як «хусіты»), зазнаў моцных авіяўдараў, паведамляе шэраг СМІ.
Армія абароны Ізраілю пацьвердзіла, што ізраільскія ВПС нанесьлі ўдары па Хадэйдзе ў адказ на сотні нападаў хусітаў на тэрыторыю Ізраілю ў апошнія месяцы. Магчыма, гэта зьвязана з падзеньнем бесьпілётніка хусітаў у Тэль-Авіве, у выніку чаго загінуў адзін чалавек. Той удар таксама параніў 8 чалавек.
Саудаўскія крыніцы мяркуюць, што ў атацы маглі ўдзельнічаць самалёты ЗША і Вялікай Брытаніі, аднак Армія абароны Ізраілю сьцьвярджае, што ў апэрацыі ўдзельнічалі толькі ізраільскія ВПС. Прадстаўнікі хусітаў таксама абвінавацілі ў выбуху толькі Ізраіль. Яны заявілі, што ў Хадэйдзе ёсьць забітыя і параненыя і паабяцалі «адпомсьціць».
Хусіты кантралююць значную частку тэрыторыі Емэну, уключна са сталіцай Санай. Мінулай восеньню яны абяцалі, што нанясуць удары па Ізраілі ў адказ на яго кампанію супраць групоўкі ХАМАС у сектары Газа. Пасьля гэтага з тэрыторыі Емэну ў бок Ізраілю неаднаразова запускаліся ракеты і бесьпілётнікі, большасьць зь якіх, аднак, былі зьбітыя. Таксама хусіты пачалі атакаваць караблі, зьвязаныя з Ізраілем, ЗША і іх саюзьнікамі ў Чырвоным моры і Адэнскай затоцы. ЗША, у сваю чаргу, нанесьлі сэрыю ўдараў па Емэне.
Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант фактычна пацьвердзіў, што ўдар па порце Хадэйда адбыўся ў адказ на тую атаку ў Тэль-Авіве. Ён паабяцаў, што Ізраіль будзе атакаваць ворагаў сваёй дзяржавы «паўсюль, дзе тое спатрэбіцца». Ён заявіў, што хусіты нападалі на Ізраіль больш за 200 разоў.
МЗС Ізраілю абвінавачвае Іран у падбухторваньні хусітаў і іх фінансаваньні. Такія самыя абвінавачаньні ізраільскае кіраўніцтва высоўвае іранскаму і адносна лібанскай групоўкі «Хезбала», якая таксама атакуе Ізраіль.
Пры атацы бесьпілётніка ў ізраільскім Тэль-Авіве 19 ліпеня загінуў грамадзянін Беларусі. Гэта пацьвердзілі ў беларускім МЗС. 50-гадовы Яўген Фрэдэр прыехаў у Ізраіль два гады таму і працаваў у гатэлі ў Тэль-Авіве.
Форум