Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У заяве з нагоды Тыдня паняволеных народаў Джо Байдэн згадаў і Беларусь


Беларусы падчас Маршу паняволеных народаў у Нью-Ёрку 17 ліпеня 2022 году. Фота Вадзіма Васільева
Беларусы падчас Маршу паняволеных народаў у Нью-Ёрку 17 ліпеня 2022 году. Фота Вадзіма Васільева

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн аб’явіў тыдзень з 21 па 27 ліпеня 2024 году Тыднем паняволеных народаў.

У сваёй дэклярацыі прэзыдэнт ЗША згадаў барацьбу за свабоду ў Расеі і Беларусі і высока ацаніў мужнасьць народу Украіны ў барацьбе з расейскай агрэсіяй, піша Голас Амэрыкі.

У праклямацыі, апублікаванай з гэтай нагоды, Байдэн надаў асаблівую ўвагу сытуацыі ва Ўкраіне.

«Свабода ніколі не дастаецца дарма», — заявіў Байдэн, падкрэсьліўшы мужнасьць і стойкасьць людзей, якія жывуць у аўтарытарных рэжымах.

Прэзыдэнт ЗША заявіў, што барацьба за свабоду працягваецца ў розных краінах сьвету, уключаючы Беларусь, Кубу, Паўночную Карэю, Расею, а таксама Іран, Нікарагуа, Кітай, Сырыю, Вэнэсуэлу і іншых. Пры гэтым Байдэн асабліва адзначыў канфлікт ва Ўкраіне, дзе ўжо два гады працягваецца «незаконная, неапраўданая і несправакаваная агрэсіўная вайна» Расеі.

Прэзыдэнт Злучаных Штатаў высока ацаніў «выключную мужнасьць і сьмеласьць» украінскага народу і пацьвердзіў нязьменную падтрымку Ўкраіны Злучанымі Штатамі. «Мы не адступім і ня схілімся», — абвясьціў ён, адзначыўшы, што Украіна карыстаецца падтрымкай кааліцыі з больш чым 50 краін.

«Аўтакраты ўсяго сьвету ўважліва сочаць за тым, што адбываецца ва Ўкраіне, і за тым, ці пакінем мы гэтую незаконную агрэсію без наступстваў. Мы ня можам гэтага дапусьціць», — заявіў прэзыдэнт ЗША.

Байдэн нагадаў, што ў якасьці важнага кроку па ўмацаваньні абароны Ўкраіны ён падпісаў закон аб мерах у галіне нацыянальнай бясьпекі, які прадугледжвае выдзяленьне Кіеву 61 мільярда даляраў на неадкладныя патрэбы ў сфэры абароны і бясьпекі.

Ён зазначыў, што яго адміністрацыя працуе з Кангрэсам, дамагаючыся выдзяленьня да канца 2025 фінансавага году 11,8 мільярда даляраў на ўмацаваньне дэмакратычных інстытутаў ва ўсім сьвеце.

Разважаючы пра больш шырокае значэньне барацьбы за свабоду, Байдэн падкрэсьліў неабходнасьць падтрымкі правоў чалавека ва ўсім сьвеце.

Ён заклікаў працягваць працу па забесьпячэньні роўных правоў і ўдзелу ў жыцьці грамадзтва жанчын і дзяўчат, а таксама змагацца з дыскрымінацыяй прадстаўнікоў карэнных народаў, расавых, этнічных і рэлігійных меншасьцяў і людзей з абмежаванымі магчымасьцямі. Акрамя таго, ён заявіў аб неабходнасьці рабіць усё для прадухіленьня гвалтоўных нападаў на прадстаўнікоў ЛГБТ+.

  • Тыдзень паняволеных народаў (Captive Nations Week) — гэта штогадовы комплекс масавых мерапрыемстваў, першапачаткова накіраваны на прыцягненьне ўвагі грамадзкасці да праблемы «паняволеных народаў, якія знаходзяцца пад кантролем камуністычных рэжымаў». Згодна з гэтым законам, прынятым у 1959 годзе, прэзыдэнт ЗША ўпаўнаважаны абвяшчаць «Тыдзень паняволеных народаў» штогод — да таго часу, пакуль усе яны не здабудуць свабоду і незалежнасьць.
  • Беларуская эміграцыя ў савецкія часы і ў нашы дні бярэ чынны ўдзел у марапрыемствах Тыдня паняволеных народаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG