Пра гэта яе старшыня Шарль Мішэль напісаў прэмʼер-міністру Вугоршчыны Віктару Орбану ў адказ на ягоны ліст ад 12 ліпеня. Дакумэнт, датаваны 16 ліпеня, аказаўся ў распараджэньні «Настоящего времени».
Кіраўнік Эўрапейскай рады адзначыў, што прымае да ўвагі думкі і прапановы вугорскага прэмʼера, але ў той жа час нагадвае, што пазыцыя ЭЗ у дачыненьні да Ўкраіны ўзгодненая кансэнсусам і пацьверджаная падчас апошняга саміту лідэраў, які адбыўся ў чэрвені.
«Мы, Эўразьвяз, пацьвердзілі нашу непахісную прыхільнасьць падтрымліваць Украіну і яе народ столькі, колькі гэта спатрэбіцца, і настолькі інтэнсіўна, наколькі гэта неабходна», — заявіў Мішэль.
Старшыня Эўрапейскай рады таксама нагадвае аб адсутнасьці мандата ў Вугоршчыны, якая на ратацыйнай аснове старшынюе ў Радзе ЭЗ, выступаць ад імя абʼяднаньня на міжнароднай арэне.
«Я выразна заявіў аб гэтым яшчэ да вашага візыту ў Маскву, і пасьля гэта было паўторана высокім прадстаўніком Бурэлем у ягонай заяве ад 5 ліпеня», — адзначае чыноўнік.
Шарль Мішэль таксама зьняпраўджвае сьцвярджэньне Орбана, што ЭЗ праводзіў «праваенную палітыку», паказваючы, што сытуацыя насамрэч адваротная: «Расея зьяўляецца агрэсарам, а Ўкраіна — ахвярай, якая рэалізуе сваё законнае права на самаабарону». Найбольш прамым шляхам да міру прадстаўнік ЭЗ называе вывад Расеяй яе войскаў з Украіны.
У лісьце старшыня Эўрарады рэзюмуе, што ніводная дыскусія пра Ўкраіну ня можа праходзіць без Украіны:
«ЭЗ пасьлядоўна імкнецца стварыць шырокую міжнародную падтрымку ўсёабдымнага, справядлівага і працяглага міру на падставе Статуту ААН і міжнароднага права ў адпаведнасьці з ключавымі прынцыпамі і мэтамі ўкраінскай Формулы міру. Эўразьвяз не шкадуе намаганьняў, каб зьвязацца з усімі партнэрамі ў гэтым пляне, у тым ліку з Кітаем».
Шарль Мішэль таксама адзначыў, што копію гэтага ліста атрымаюць дзяржавы – сябры ЭЗ. Аб перапісцы таксама паведамяць Украіне.
12 ліпеня Віктар Орбан накіраваў Шарлю Мішэлю ліст, у якім праінфармаваў аб выніках сваёй так званай міратворчай місіі-турнэ Кіеў — Масква — Пэкін — Вашынгтон — Флорыда. Апошні прыпынак на гэтым маршруце зьвязаны з тым, што вугорскага прэмʼера прымаў у сваім маёнтку кандыдат у прэзыдэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп.
Орбан адзначае, што інтэнсіўнасьць вайны Расеі супраць Украіны «найбліжэйшым часам істотна вырасьце». Вугорскі прэмʼер заклікае да перамоваў з Кітаем аб мірнай канфэрэнцыі і аднаўленьні дыпляматычных адносін з Расеяй, а таксама «палітычнага наступленьня» на глябальны Поўдзень.
Орбан таксама заявіў, што ў выпадку перамогі Дональда Трампа на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША той ня будзе чакаць інаўгурацыі, а «неадкладна» возьме на сябе ролю мірнага пасярэдніка. Вугорскі прэмʼер мяркуе, што ў выпадку перамогі Трампа фінансавая нагрузка паміж ЭЗ і ЗША зьменіцца ў нявыгадны для Эўразьвязу бок, калі гаворка ідзе аб дапамозе Ўкраіне.
Форум