У Варшаве эвакуавалі 150 чалавек з будынку Міністэрства сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Польшчы, пасьля таго як туды зайшоў грамадзянін Беларусі. Мужчына паводзіў сябе спакойна, але меў небясьпечныя прадметы ў сумцы, паведаміла PAP.
З будынку ў мэтах бясьпекі эвакуавалі каля 150 чалавек, найбліжэйшую тэрыторыю ачапілі. Аўтамабільны рух перанакіравалі на суседнія вуліцы. Разам з паліцыяй на месцы працавала пажарная служба. Каля 12-й гадзіны дня, па словах відавочцаў, беларуса вывелі з будынку праваахоўнікі.
Пасьля 13-й гадзіны прэс-сакратар міністэрства Міхал Сыска паведаміў, што ўсе супрацоўнікі знаходзяцца на сваіх месцах і праца працягваецца, цытуе яго tvn24.pl.
Ён таксама паведаміў, што мужчына не паводзіў сябе агрэсіўна і прадставіўся кліентам.
Як удакладніў выданьню пасьля 16-й гадзіны сяржант мясцовай паліцыі Якуб Пацыняк, 44-гадовы грамадзянін Беларусі зайшоў у будынак міністэрства пасьля 11-й гадзіны раніцы зь небясьпечнымі рэчамі ў сумцы: там былі сыгнальны рэвальвэр, тэлескапічная дубінка, некалькі відаў нажоў і некалькі пярцовых балёнчыкаў.
«Паводле папярэдняй ацэнкі, што захоўваньне гэтых прадметаў не забаронена польскім заканадаўствам, мужчына не карыстаўся імі, калі ўваходзіў у будынак, нікому не пагражаў, паводзіў сябе спакойна», — падкрэсьліў паліцыянт.
Ён паведаміў, што мужчыну затрымалі і цяпер праводзяць праверку па факце здарэньня.
Як стала вядома неафіцыйна, мужчына сьцьвярджае, што прыйшоў у міністэрства, каб вырашыць пытаньне, зьвязанае зь яго знаходжаньнем у Польшчы, піша выданьне.
Форум