Паводле зьвестак ведамства, за мінулыя содні аднавілася электразабесьпячэньне 783 населеных пунктаў краіны. Для гэтага задзейнічалі больш за 200 аварыйных брыгадаў і больш за 200 адзінак тэхнікі.
За ноч у Гомельскай вобласьці электрычнасьць вярнулі ў 51 пункт, у тым ліку ў Калінкавічы, Нароўлю і Ельск. Электраэнэргія пачала паступаць на Мазырскую ЦЭЦ. Працягваюцца работы па аднаўленьні электразабеспячэньня гораду. Работы па ліквідацыі тэхналягічных парушэньняў праводзяцца ў 604 населеных пунктах рэгіёну.
У Гомельскай вобласьці шквалісты вецер паваліў больш за 800 дрэў, якія пашкодзілі высакавольтныя лініі электраперадачы.
З дапамогай генэратараў МНС забясьпечваюцца электрычнасьцю крытычна важныя аб’екты, ратавальнікі дастаўляюць жыхарам ваду. Да ліквідацыі наступстваў непагадзі прыцягнулі больш за 100 адзінак тэхнікі ратавальнікаў, 200 супрацоўнікаў МНС і валянтэраў.
У аздараўленчы лягер у Рэчыцкім раёне, дзе ад падзеньня дрэва загінула дзіця і яшчэ некалькі чалавек пацярпелі, выяжджала група псыхолягаў МНС — для працы зь дзецьмі і работнікамі лягеру.
У Магілёўскай вобласьці адмыслоўцы аднавілі электрычнасьць у 368 населеных пунктах. Раніцай 16 ліпеня аварыйныя брыгады працягвалі працу ў 96 паселішчах.
Паводле МНС, у выніку праходжаньня 14 ліпеня навальнічнага фронту з моцнымі парывамі ветру пацярпелі 594 населеныя пункты ў 33 раёнах.
Форум