Акруговая судзьдзя Эйлін Кэнан пастанавіла, што спэцыяльны пракурор Джэк Сьміт быў незаконна прызначаны на пасаду і ня меў паўнамоцтваў кіраваць расьсьледаваньнем.
Сьміт быў прызначаны на пасаду генэральным пракурорам ЗША Мэрыкам Гарландам. У рашэньні суду сказана, што прызначаць найвышэйшых фэдэральных чыноўнікаў — гэта прэрагатыва прэзыдэнта і Сэнату, а паўнамоцтвы прызначаць ніжэйшых чыноўнікаў генэральнаму пракурору павінен быў даць Кангрэс, аднак у ніводным амэрыканскім законе не гаворыцца, што пракурор мае такое права.
Бок абвінавачваньня, верагодна, абскардзіць рашэньне ў вышэйшай інстанцыі, адзначае агенцтва Reuters. У некалькіх іншых судовых рашэньнях практыка прызначэньня спэцпракурора прызнавалася законнай.
Крымінальная справа аб незаконным захоўваньні сакрэтных дакумэнтаў лічылася самай небясьпечнай з усіх юрыдычных пагроз, зь якімі сутыкнуўся былы прэзыдэнт, зазначае «Голас Амэрыкі». Трампа абвінавачвалі ў дзясятках эпізодаў незаконнага захоўваньня сакрэтных дакумэнтаў у ягоным доме ў Флорыдзе, у злачыннай змове і ў ілжывых паказаньнях. Максымальнае пакараньне па гэтых артыкулах прадугледжвае дзясяткі гадоў турэмнага зьняволеньня.
Сам Трамп настойваў на сваёй невінаватасьці. Гэта другая юрыдычная перамога ягоных адвакатаў сёлета: 1 ліпеня Вярхоўны суд ЗША пастанавіў, што былы прэзыдэнт мае права на юрыдычны імунітэт у сувязі зь дзеяньнямі, зробленымі ім у рамках выкананьня сваіх канстытуцыйных абавязкаў. Гэта можа прывесьці да закрыцьця некалькіх крымінальных справаў супраць Трампа.
15 ліпеня ў штаце Вісконсін адкрыўся зьезд Рэспубліканскай партыі, дзе Трампа маюць афіцыйна вылучыць на пасаду прэзыдэнта, а ён абвесьціць, хто будзе ягоным кандыдатам на пасаду віцэ-прэзыдэнта.
Форум