Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што вядома пра Томаса Мэт’ю Крукса, меркаванага замахоўца на Трампа


Паліцыя ахоўвае дом, дзе жыў Томас Мэтʼю Крукс
Паліцыя ахоўвае дом, дзе жыў Томас Мэтʼю Крукс

ФБР назвала 20-гадовага Томаса Мэтʼю Крукса, жыхара Бэтэл Парку, прымесьця Пітсбургу ў штаце Пэнсыльванія, падазраваным у спробе замаху на Дональда Трампа, былога прэзыдэнта ЗША і патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты.

Агенцтва Ройтэрс сабрала інфармацыю пра падазраванага.

Крукса застрэлілі супрацоўнікі Сакрэтнай службы, якая ахоўвае амэрыканскіх прэзыдэнтаў і высокіх палітыкаў. Меркавана ён страляў падчас выступленьня Трампа на перадвыбарчым мітынгу ў Батлеры, штат Пэнсыльванія. Адзін з наведнікаў мітынгу загінуў, а яшчэ двое былі сурʼёзна параненыя. Трамп быў паранены ў вуха.

ФБР заявіла, што працуе над тым, каб высьветліць матывы нападу.

Інфармацыя пра выбарцаў штату паказвае, што Крукс быў зарэгістраваны як рэспубліканец. Трамп мае зноў стаць кандыдатам у прэзыдэнты менавіта ад Рэспубліканскай партыі. На прэзыдэнцкіх выбарах 5 лістапада Крукс упершыню меў бы дастатковы ўзрост, каб прагаласаваць.

Дадзеныя Фэдэральнай выбарчай камісіі таксама паказваюць, што калі Круксу было 17 гадоў, ён пералічыў 15 даляраў камітэту палітычнага дзеяньня ActBlue, які зьбірае грошы для палітыкаў Дэмакратычнай партыі. Грошы былі прызначаныя для групы Праект прагрэсіўнай яўкі, якая працуе над тым, каб прыхільнікі Дэмакратычнай партыі прыходзілі на выбары. Гэтая група пакуль не адказала на просьбу Ройтэрс пра камэнтар.

Бацька Крукса, 53-гадовы Мэтʼю Крукс, сказаў тэлеканалу CNN, што спрабуе разабрацца з тым, што адбылося, і спачатку мусіць пагутарыць з праваахоўнымі органамі, перш чым даваць нейкія камэнтары. Цяпер дом, дзе жыў Томас Крукс, ахоўвае паліцыя.

Томас Крукс у 2022 годзе скончыў школу ў Бэтэл Парку, паводле заявы, атрыманай каналам WJET-TV (мясцовым філіялам ABC). «Нашая школьная акруга будзе цалкам супрацоўнічаць зь дзейным расьсьледаваньнем па справе, і ў гэтай сытуацыі мы абмежаваныя ў тым, што мы можам публічна агучваць», — гаворыцца ў заяве.

Паводле газэты Pittsburgh Tribune-Review, Крукс як вучань атрымаў прэмію ў $500 ад Нацыянальнай матэматычнай і навуковай ініцыятывы. Відэа з выпускной цырымоніі 2022 году, якой цытуе New York Times, паказвае аплядысмэнты, калі Крукс атрымліваў дыплём. Ройтэрс піша, што пакуль немагчыма спраўдзіць сапраўднасьць гэтага відэа. Таксама не даецца інфармацыі пра тое, чым займаўся Крукс пасьля заканчэньня школы.

Амэрыканскія праваахоўнікі паведамілі ў суботу, што ў Крукса на месцы здарэньня не было дакумэнтаў і ягоную асобу выяўлялі іншымі мэтадамі.

«Мы цяпер глядзім на фатаграфіі і спрабуем праверыць яго ДНК і атрымаць біямэтрычную інфармацыю», — сказаў на брыфінгу для прэсы Кевін Роджэк, спэцыяльны агент ФБР, які займаецца гэтай справай.

Ройтэрс таксама паведамляе, што не знайшло рахункаў Крукса ў сацыяльных сетках. Кампанія Meta, якой належаць Facebook і Instagram, пакуль не адказала на запыт, ці яна выдаляла нейкія рахункі, зьвязаныя з падазраваным.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG