Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі афіцыйнае беспрацоўе расьце другі месяц запар, — Эўразійская эканамічная камісія


Працаўнік. Ілюстрацыйнае фота
Працаўнік. Ілюстрацыйнае фота

У Эўразійскім эканамічным саюзе толькі ў Беларусі і Казахстане з пачатку году вырасла беспрацоўе, сьведчыць праведзены «Позіркам» аналіз зьвестак Эўразійскай эканамічнай камісіі.

У Беларусі беспрацоўных за 5 месяцаў стала больш на 7,3% (з 4,1 тысячы да 4,4 тысячы), у Казахстане — на 24,5% (з 264,5 тысячы да 329,2 тысячы).

Для параўнаньня: у Армэніі колькасьць грамадзян, зарэгістраваных на біржы працы, за пяць месяцаў зьменшылася на 5,3% (з 45,7 тысячы ў студзені да 43,3 тысячы ў траўні), у Расеі — на 7% (з 405,6 тысячы да 377,3 тысячы), у Кіргізстане — на 10% (з 66,2 тысячы да 59,6 тысячы).

«Позірк» адзначае, што ў Беларусі гэты паказчык расьце другі месяц запар: у сакавіку зарэгістравалі 3,9 тысячы беспрацоўных, у красавіку — 4,3 тысячы.

За студзень — травень 2024 году ў Беларусі прынялі на працу на 14,95% работнікаў менш, чым звольнілі — 221 047 супраць 254 092, сьведчыць праведзены «Позіркам» аналіз зьвестак Белстату.

Паводле інфармацыі Белстату, у беларускай эканоміцы ў траўні 2024 году было занята 4 млн 112,2 тысячы чалавек — на 0,4% менш (–16,9 тысячы), чым у студзені, і на 0,9% менш, чым у траўні 2023-га (–38,5 тысячы).

У красавіку ў беларускай эканоміцы было занята 4 млн 126,5 тысячы чалавек — на 0,1% менш (–2,6 тысячы), чым у студзені (4 млн 129,1 тысячы).

Дэфіцыт працоўных рук у Беларусі — «доўгачасовы і стратэгічны выклік як у колькасным, так і ў якасным аспэктах», заявіла намесьніца міністра эканомікі Тацяна Бранцэвіч у камэнтары дзяржаўнаму выданьню «СБ. Беларусь сегодня» 29 траўня.

На першым месцы паводле актуальнасьці для Беларусі павінна стаяць «задача не прыцягненьня новых працоўных рэсурсаў здалёк», а ўтрыманьне сваіх кадраў, а яшчэ лепш «вяртаньне грамадзян, якія мігравалі», лічыць яна.

На 9 ліпеня на сайце Дзяржаўнай службы занятасьці ёсьць 162 015 вакансій (на момант публікацыі).

Паводле зьвестак Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, ад 200 да 500 тысяч чалавек пакінулі Беларусь пасьля падзей жніўня 2020 году. Упраўленьне вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека называе меншую лічбу — 100 тысяч.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG