Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».
«Бэрыл», самы раньні ўраган 5-й катэгорыі ў гісторыі, выйшаў на сушу паблізу прыбярэжнага гораду Матагорда, штат Тэхас, у пачатку дня, абрынуўшы на ўзьбярэжжа небясьпечныя штармавыя нагоны і праліўныя дажджы, паведаміў Нацыянальны цэнтар па адсочваньні ўраганаў (NHC).
Паводле BBC, ад урагану ў Тэхасе загінулі два чалавекі.
Шторм, як чакаецца, будзе хутка слабець па меры прасоўваньня ўглыб краіны. На мінулым тыдні ён прынёс разбурэньні на Ямайку і Грэнаду, загінула ня менш за 11 чалавек.
У Тэхасе, найбуйнейшым штаце ў здабычы нафты і прыроднага газу, энэргетычная прамысловасьць рыхтавалася да ўдару «Бэрыл», эвакуаваўшы некаторыя вытворчыя аб’екты.
Яшчэ да сьвітанку «Бэрыл» рухаўся з хуткасьцю 19 кілямэтраў за гадзіну.
У нядзелю выканаўца абавязкаў губэрнатара Тэхасу Дэн Патрык абвясьціў 120 акруг зонамі бедзтва напярэдадні ўрагану і папярэдзіў, што «Бэрыл» будзе сьмяротна небясьпечны для людзей, якія апынуліся непасрэдна на яго шляху.
Школы будуць зачыняцца па меры набліжэньня шторму. Авіякампаніі адмянілі больш за 1300 рэйсаў, а ўлады распарадзіліся эвакуаваць жыхароў пляжных гарадоў.
Паводле зьвестак мясцовых камунальных службаў і сайта PowerOutage.us, больш за 1,8 мільёна дамоў і прадпрыемстваў у Тэхасе засталіся без электрычнасьці.
Форум