Пра гэта паведаміў старшыня камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму Віктар Гуцько, піша «Минск новости». На пытаньне вядоўцы праграмы, ці праўда гэта, што, паводле неафіцыйнай інфармацыі, у Пішчалаўскім замку плянуюць разьмясьціць Нацыянальны гістарычны музэй, ён адказаў:
«Так, сапраўды разглядалася такая магчымасьць, але ад гэтай ідэі адмовіліся, разьмяшчэньне Нацыянальнага гістарычнага музэя ў гэтым комплексе не плянуецца», — узаявіў Гуцько.
Паводле яго, сёньня гарадзкія службы «вядуць працу над тым, каб прыстасаваць гістарычны аб’ект пад іншыя функцыі». Пад якія менавіта — чыноўнік не ўдакладніў.
25 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі кітайскіх ВНУ расказаў аб прапанове пабудаваць з удзелам кітайскіх спэцыялістаў яшчэ адзін «знакавы для сталіцы і ўсёй Беларусі аб’ект»: «Мы з вамі хочам дамовіцца аб тым, каб вы нам дапамаглі, асабліва пры плянаваньні архітэктуры, пабудаваць падобны на кітайскі музэй гісторыі Беларусі», — заявіў ён.
- Пішчалаўскі замак зьявіўся ў Менску ў 1825 годзе, архітэктар Казімер Хрышчановіч спраектаваў яго на замову памешчыка Рудольфа Пішчалы як каменную фартэцыю-замак.
- Раней у вязьніцы ўтрымлівалі ўдзельнікаў паўстаньняў 1831 і 1863 гадоў. На турэмнай браме за замах на генэрал-губэрнатара Паўла Курлова ў 1906 годзе быў павешаны Іван Пуліхаў. За свае перакананьні ў розныя гады тут сядзелі клясыкі беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Карусь Каганец, Алесь Гарун, Алесь Дудар. Якуб Колас адседзеў за ўдзел у несанкцыянаваным зьезьдзе радыкальна настроеных настаўнікаў, Максім Танк — за нелегальны пераход савецка-польскай мяжы. Памятаюць сьцены Пішчалаўскага замку і Фэлікса Дзяржынскага, Юзэфа Пілсудзкага, Барыса Савінкава.
- Пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі турэмны астрог атрымаў негалосную назву «Валадарка» (вуліцу Серпухаўскую тады перайменавалі ў вуліцу Валадарскага). Замак перажыў і Другую ўсясьветную: немцы яго таксама выкарыстоўвалі як турму.
- Да пачатку 2024 году ў будынку было СІЗА № 1. У канцы красавіка вязьняў «Валадаркі» перасялілі ў новыя карпусы ў прыгарадзе Менску.Пасьля зьявілася інфармацыя, што на месцы знакамітага СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага разьмесьціцца Нацыянальны гістарычны музэй.
- З 1994 і да 2024 году празь СІЗА на Валадарскага прайшлі сотні палітвязьняў.
- Прыкладна з 1998 году ў Менску вяліся размовы пра тое, каб збудаваць новае СІЗА і перадаць замак гораду. Толькі ў 2008-м, пасьля таго як адна зь вежаў замка абвалілася, пастанавілі збудаваць новы сьледчы ізалятар у Калядзічах. Будоўля новага СІЗА пачалася ў 2010-м, але зацягнулася амаль на паўтара дзясятка гадоў.
- За гэты час было шмат прапановаў, што далей рабіць зь Пішчалаўскім замкам. Былі прапановы зрабіць нешта кшталту музэю тэрору і нават ідэі ператварыць былую вязьніцу ў экзатычны гатэль з нумарамі-камэрамі. У 2017 годзе на хакатоне «Будучыня Пішчалаўскага замку», арганізаваным грамадзкай ініцыятывай «Менская ўрбаністычная плятформа», перамагла прапанова стварыць там грамадзка-культурны цэнтар (дзе будзе музэй, выставачны комплекс, «інстытут» для працы навукоўцаў, адкрытая прастора, рэстаран, бібліятэка і нават пякарня) і максымальна захаваць аўтэнтычнае аблічча комплексу.
- Гісторык Захар Шыбека ў камэнтары Свабодзе дапусьціў, што Пішчалаўскі замак могуць і разбурыць, бо «гэта такі „смачны“ кавалак зямлі ў цэнтры гораду".
Форум