Сьцісла:
- Важна падкрэсьліць, што ШАС — арганізацыя рэгіянальная, аб’ядноўвае краіны аднаго рэгіёну, а менавіта Азіі.
- ШАС аб’ядноўвае дзяржавы, якія прадстаўляюць дзьве расы, чатыры цывілізацыі, чатыры рэлігіі. Паміж імі існуюць вялікія палітычныя супярэчнасьці.
- Апошнім часам узрастае дамінуючая роля Кітаю ў гэтай арганізацыі, узмацняецца антызаходняя накіраванасьць ШАС.
- Паўнавартаснае членства Беларусі ў ШАС ня будзе мець нейкіх рэальных практычных наступстваў у эканамічным альбо вайскова-палітычным пляне, значэньне гэтай падзеі хутчэй сымбалічнае, піяраўскае.
Найперш трэба зазначыць, што ШАС — гэта не вайсковы, не палітычны і не эканамічны саюз, а міжнародная арганізацыя. Яна мае статут, сакратарыят, штаб-кватэру. ШАС прымае рашэньні, якія ў асноўным носяць характар дэклярацый і пажаданьняў.
Важна падкрэсьліць, што ШАС — арганізацыя рэгіянальная, аб’ядноўвае краіны аднаго рэгіёну, а менавіта Азіі. Што робіць у азіяцкай арганізацыі Беларусь, якая знаходзіцца ў цэнтры Эўропы, — пытаньне цікавае.
Ва ўстаноўчых дакумэнтах ШАС адзначана, што адна з важных задач арганізацыі — забесьпячэньне рэгіянальнай бясьпекі. Прычым пагрозамі бясьпецы найперш абвешчаныя тэрарызм і ісламскі экстрэмізм. Да інтарэсаў Беларусі гэта ніякага дачыненьня ня мае.
Яшчэ адзін кірунак супрацы — гэта праекты ў галіне лягістыкі, транзыту, транспартных артэрый, якія павінны зьвязаць краіны рэгіёну. Ізноў жа для Беларусі, якая далёкая ад Азіі і знаходзіцца зусім у іншым геаграфічным рэгіёне, усё гэта ня вельмі актуальна.
ШАС аб’ядноўвае дзяржавы зь вельмі рознымі інтарэсамі. Яны прадстаўляюць дзьве расы, чатыры цывілізацыі, чатыры рэлігіі. Гэта краіны з рознымі каштоўнаснымі сыстэмамі. Паміж імі існуюць вялікія палітычныя супярэчнасьці. Напрыклад, стары прыглушаны канфлікт прысутнічае ў адносінах Кітаю і Індыі, Пакістану і Індыі. На пачатку году дзьве краіны-члены ШАС — Іран і Пакістан — абмяняліся ракетнымі ўдарамі. Таму чальцам гэтай арганізацыі цяжка прымаць узгодненыя рашэньні.
І хоць юрыдычна ШАС і міжнародная арганізацыя, гэта больш нагадвае клюб, пляцоўку для двухбаковых сустрэчаў лідэраў краін-чальцоў.
У эвалюцыі ШАС апошнім часам можна назіраць тры тэндэнцыі. Па-першае, узмацняецца дамінуючая роля Кітаю ў гэтай арганізацыі, асабліва на фоне аслабленьня міжнароднага статусу Расеі. ШАС ператвараецца ў інструмэнт пашырэньня геапалітычнага ўплыву КНР.
Па-другое, у дзейнасьці ШАС павольна, але ўзрастае вайскова-палітычны складнік, акцэнт на пытаньнях бясьпекі.
Па-трэцяе, узмацняецца антызаходняя накіраванасьць Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. З прыняцьцем у яе склад Ірану і Беларусі гэтая тэндэнцыя ўзмоцніцца. Бо Лукашэнка ўвесь час заклікае ператварыць ШАС у альтэрнатыву Захаду.
Паўнавартаснае сяброўства Беларусі ў ШАС ня будзе мець нейкіх рэальных практычных наступстваў у эканамічным, фінансавым або вайскова-палітычным пляне. Значэньне гэтага ўступленьня хутчэй сымбалічнае. Яно дае багатую спажыву для дзяржаўнай прапаганды. Маўляў, няма ніякай міжнароднай ізаляцыі Беларусі, беларускі ўладар — паважаны палітык у сьвеце, глядзіце, з кім ён сустракаецца. Хоць, як паказвае практыка, рэальных вынікаў для эканомікі краіны ад сустрэчаў Лукашэнкі зь лідэрамі іншых дзяржаваў амаль няма.
Для афіцыйнага Менску было вельмі важна, каб Лукашэнка мог прысутнічаць на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Астане, падчас якога прынятае рашэньне аб далучэньні Беларусі да ШАС, каб сабраць палітычныя вяршкі з гэтай падзеі. Таму традыцыйны парад у Менску 3 ліпеня правялі вельмі рана, а 9 гадзіне, чаго раней ніколі не было. Дзяржаўныя мерапрыемствы падганяюцца пад працоўны графік Лукашэнкі.
Важнай падзеяй візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Астану стала ягоная сустрэча з кіраўніком Кітаю Сі Цзіньпінам. Можна меркаваць, ён данёс да лідэра КНР сваю вэрсію падзеяў на беларуска-польскай мяжы, супрацьлеглую той, пра якую казаў нядаўна ў Пэкіне прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда. Сі Цзіньпін цяпер выступае ў якасьці арбітра па гэтым пытаньні. Абодва бакі разьлічваюць выкарыстаць Кітай для вырашэньня гэтага канфлікту, што толькі дадае Пэкіну палітычнай вагі.
Форум