Абедзьве палаты Фэдэральнага сходу Расеі ўхвалілі заяву аб прыпыненьні ўдзелу сваёй дэлегацыі ў Парлямэнцкай асамблеі Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (ПА АБСЭ).
Як паведаміла расейская служба Радыё Свабода, Расея таксама спыніла выплату ўнёскаў у арганізацыю.
«Перадузятыя дыскрымінацыйныя падыходы, падвойныя стандарты і татальная русафобія, негатовасьць да прадметнай дыскусіі, у тым ліку па актуальных пытаньнях забесьпячэньня роўнай і непадзельнай бясьпекі, сьведчаць аб крайняй дэградацыі ПА АБСЭ як мэханізму міжпарляменцкага ўзаемадзеяньня», — адзначаецца ў заяве.
«Апошняй кропкай» расейскія дэпутаты назвалі «дэманстратыўную» адмову Румыніі выдаць візы на сэсію ПА АБСЭ, якая завяршыла сваю працу 3 ліпеня ў Бухарэсьце.
Румынія адмовіла ў візах прадстаўнікам расейскай дэлегацыі праз агрэсію Расеі супраць Украіны.
Расея з 2022 году ня ўдзельнічала ў пасяджэньнях і сэсіях ПА АБСЭ. У красавіку 2024-га Рада Дзяржаўнай Думы спыніла выплату ўнёскаў за 2023 год. Яны складалі каля 6% ад агульнага бюджэту арганізацыі.
Беларуская дэлегацыя таксама ня ўдзельнічала ў сэсіі ПА АБСЭ ў Румыніі. Палата прадстаўнікоў 29 чэрвеня заявіла, што румынскія ўлады «наўмысна сарвалі» ўдзел дэлегацыі Беларусі «адмовай ва ўезьдзе на тэрыторыю Румыніі». У Палаце прадстаўнікоў заявілі, што «беларускі бок не прызнае рашэньні, якія могуць быць прынятыя падчас сэсіі ў дачыненьні да Беларусі». Але пакуль не ўхвалялі рашэньня аб прыпыненьні свайго ўдзелу ў арганізацыі.
У сярэдзіне чэрвеня стала вядома, што ўлады Румыніі не дапусьцяць удзелу дэлегацый Расеі і Беларусі ў 31-й штогадовай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якая пройдзе ў Бухарэсьце з 29 чэрвеня па 3 ліпеня.
- У лютым Сьвятлана Ціханоўская выступіла перад камітэтам Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ з прамовай, у якой заклікала не прызнаваць новапрызначаны «парлямэнт» Беларусі і не запрашаць чальцоў «гэтага нелегітымнага ўтварэньня» на сэсіі ПА АБСЭ.
- У красавіку прэзыдыюм Палаты прадстаўнікоў Беларусі сфармаваў склады дэлегацый Нацыянальнага сходу «па ажыцьцяўленьні кантактаў з эўрапейскімі парлямэнцкімі арганізацыямі».
- Акрамя таго, прынялі рашэньне сфармаваць 10 дэлегацый для працы ў міжпарлямэнцкіх структурах, уключаючы Парлямэнцкую Асамблею АБСЭ.
Форум