Беларускае ТАА «ДПМ», якому належала сетка крамаў дзіцячага адзеньня «Бусьлік», пачала працэдуру банкруцтва, паведамляе «Люстэрка».
Паседжаньне па справе аб банкруцтве прайшло 26 чэрвеня. Па яго выніках распачалі працэдуру прызнаньня эканамічнай неплатаздольнасьці (банкруцтва) кампаніі «ДПМ», вынікае са зьвестак рэсурсу «Легат».
Гісторыя «Бусьліка»
- Сетку «Бусьлік» заснаваў беларускі бізнэсовец Сяргей Місячэнка. Першая крама зьявілася ў Менску ў 2006 годзе. Праз 10 гадоў было ўжо больш за 40 крамаў. У 2018 годзе прыкладна 90% сеткі прадалі польскай кампаніі CDRL, Місячэнка застаўся на пасадзе кіраўніка кампаніі.
- Праблемы ў «Бусьліка» пачаліся ў 2023 годзе: выручка на працягу году падала, не паступіла плата за тавары з Польшчы, якія прадаваліся ў сетцы. Страты галаўной кампаніі ў сувязі з гэтым ацэньваліся ў 1,7 мільёна злотых (каля 1,4 мільёна беларускіх рублёў).
- Увосень 2023 году кампанія CDRL заявіла пра «страту кантролю» над даччыным прадпрыемствам у Беларусі і пагрозу яго банкруцтва. Тым ня менш, паводле зьвестак Адзінага дзяржаўнага рэгістру на 24 траўня 2024 году, польская фірма ўсё яшчэ мае 74,9% акцыяў «ДПМ», яшчэ 25,1% належаць беларускаму бізнэсоўцу Сяргею Місячэнку.
- У канцы студзеня 2024 году паведамлялі, што сетку плянуюць трансфармаваць. Пры гэтым брэнд захаваюць, а ў крамах будуць прадаваць беларускія тавары і адзеньне для дзяцей.
- У красавіку 2024 году стала вядома, што сетка крамаў «Бусьлік» больш не працуе. Тады ж паведамлялася, што дзесяць расейскіх кампаній і адзін ІП падалі ў розныя арбітражныя суды Расеі пазовы супраць «ДПМ» — так пастаўшчыкі спрабавалі вярнуць запазычанасьць.
- Раней сетка «Бусьлік» была найбуйнейшай у сэгмэнце дзіцячых тавараў у Беларусі. Цяпер у гэтым сэктары дамінуе «Детмир» — даччыная структура расейскага «Детского мира». У гэтай сеткі 38 крамаў у Беларусі. Таксама за месца «Бусьліка» на беларускім рынку гандлю дзіцячым адзеньнем вядзе барацьбу беларускі дзяржаўны «Сьвітанак Kids». Сваю першую краму ён плянаваў адкрыць сёлета 3 ліпеня ў Менску.
Форум