Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«ПіК Свабоды». Як Украіна вызваляе зь Беларусі сваіх. Тлумачэньне ўкраінскага экспэрта


Яўген Магда, каляж
Яўген Магда, каляж

Украіна не ваюе зь Беларусьсю, але вызваляе сваіх палонных зь Беларусі — чаму і як? Ці праўда, што Ўкраіна канцэнтруе войскі на мяжы зь Беларусьсю? Ці занепакоеныя ў Кіеве ядзернымі пагрозамі начгенштаба Беларусі?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «ПіК Свабоды» адказвае дырэктар украінскага Інстытуту сусьветнай палітыкі Яўген Магда.

— 28 чэрвеня былі вызваленыя 10 украінцаў, пяцёра зь якіх утрымліваліся ў беларускіх турмах. Сярод іх — Мікалай Швец, якога абвінавачвалі ў дывэрсіі супраць расейскага самалёта А-50 на аэрадроме ў Мачулішчах на пачатку 2023 году. Як іх трактуе Ўкраіна — як нявінна пацярпелых ці як герояў, змагароў за ўкраінскую справу?

— Усіх дзесяцёх Украіна трактуе як цывільных грамадзян Украіны, якія знаходзіліся ў варожым палоне. І таму ўсе яны павінны быць вызваленыя. Сярод пяці іншых быў намесьнік старшыні Маджлісу крымска-татарскага народу Нарыман Джэлял, асуджаны некалькі гадоў таму ў Расеі, і яшчэ некалькі нашых грамадзян, якія знаходзіліся ў палоне яшчэ да пачатку поўнамаштабнай вайны на захопленай тэрыторыі Данецкай і Луганскай вобласьцяў. Іх там жорстка катавалі, таму вызваленьне грамадзян Украіны ёсьць і будзе прыярытэтам для ўкраінскіх уладаў. Шчыра скажу, што ня ўсе ўкраінскія СМІ паведамілі, што пяць нашых суграмадзян знаходзіліся ў беларускіх турмах. Цікава, што іх усіх прывезьлі ў аэрапорт Жуляны пад Кіевам, які не працуе з пачатку поўнамаштабнай агрэсіі РФ. Наколькі я разумею, частку зь іх даставілі ў Жуляны на верталёце зь беларуска-ўкраінскай мяжы.

— Вызваленьнем усіх дзесяцёх займалася ўкраінскае ведамства па вызваленьні ваеннапалонных. І СБУ напісала — вызваленьне нашых з палону. Але зь Беларусьсю няма збройнага канфлікту. Тады адносна гэтых пяцёх вызваленых зь беларускай турмы — які палон?

— Трэба разумець, што расейска-ўкраінская вайна, якая ў сваёй найбольш гарачай фазе працягваецца больш за 850 дзён, абумоўлівае пэўныя асаблівасьці рыторыкі, у тым ліку афіцыйных уладаў. Гэта з аднаго боку. Зь іншага боку, хачу нагадаць, што на мінулым тыдні быў вызвалены трэці грамадзянін Беларусі, які ваяваў ва Ўкраіне на баку Расеі і трапіў у палон. І траіх такіх у парадку абмену перадалі Расеі. І я думаю, што гэта адкрыла магчымасьць вызваленьня грамадзян Украіны зь беларускіх турмаў.

— Беларускія апазыцыйныя палітыкі выказвалі пажаданьне, каб беларускіх палітвязьняў мянялі на расейскіх вайскоўцаў, узятых у палон ва Ўкраіне, напрыклад, на беларусаў, якія ваявалі па кантракце ў расейскім войску. Кіеў на прапанову мяняць беларусаў на расейцаў ці беларусаў на беларусаў не адгукнуўся. Ці магчымыя такія абмены ў прынцыпе? Ці Ўкраіна вызваляе з палону толькі сваіх?

— Я лічу, што Ўкраіна павінна ў першую чаргу вызваліць дзьве катэгорыі беларусаў, якія непасрэдна ўдзельнічаюць у расейска-ўкраінскай вайне. Гэта дваіх байцоў-каліноўцаў, якія два гады знаходзяцца ў расейскім палоне, і «рэйкавых партызанаў», якія падрывалі беларускую чыгунку, пашкоджвалі рэлейныя шафы, чым запавольвалі рух расейскіх вайсковых эшалёнаў.

Паміж Беларусьсю і Ўкраінай былі складаныя пытаньні нават у пэрыяд міралюбівага Лукашэнкі. Гэта і справа «Шаройкі-Палітыкі», калі пасьля затрыманьня ва Ўкраіне грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыкі ў Беларусі затрымалі Паўла Шаройку, а потым іх фактычна абмянялі адзін на аднаго. Было выкраданьне ў Беларусі 18-гадовага грамадзяніна Ўкраіны Паўла Грыба, які вярнуўся ва Ўкраіну толькі ў 2019 годзе ў рамках абмену з тэрыторыі Расеі. Гібрыднасьць тычыцца і такіх пытаньняў, як няволя. Лёгіка Ўкраіны як цывілізаванай дзяржавы вельмі простая — мы будзем змагацца за вызваленьне ўсіх нашых незаконна затрыманых грамадзян.

— А што ў абмен могуць быць уключаныя пазначаныя вамі дзьве катэгорыі беларусаў — гэта вашае меркаваньне ці меркаваньне ўкраінскай улады?

— Я — не ўкраінскі ўрад.

— Але вы можаце падзяляць яго погляды.

— Я падзяляю погляды ўкраінскіх уладаў у тым, што трэба абараняць Украіну і змагацца з Расеяй. Аднак шмат у чым я нязгодны з украінскімі ўладамі.

— Ці вядома, на каго абмянялі гэтых пяцёх украінцаў і ўкраінак?

— Ва Ўкраіне не раскрылі, на каго іх абмянялі. Але мяркую, што за украінцаў — вязьняў беларускіх турмаў вызвалілі дастаткова важных і каштоўных для Расеі пэрсанажаў. Не для Лукашэнкі, падкрэсьліваю, а для Расеі.

— На мінулым тыдні беларускія сілавыя ведамствы паведамілі, што Ўкраіна канцэнтруе дадатковыя сілы на мяжы зь Беларусьсю, прынамсі, перакідае да мяжы «Расейскі добраахвотніцкі корпус» (РДК). У адказ Беларусь перакінула да мяжы дадатковыя вайсковыя злучэньні, у тым ліку і комплексы СПА «Палянэз». Ці сапраўды мела месца нарошчваньне ўкраінскай групоўкі на мяжы? Калі так, то зь якой мэтай? Беларускія прапагандысты разумеюць гэтую мэту вельмі проста — Украіна хоча напасьці. А якая яна насамрэч?

— Ведаеце, лепш не будаваць карціну сьвету з пункту гледжаньня беларускіх прапагандыстаў. Уварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году адбылося ў тым ліку і з тэрыторыі Беларусі. А за паўгода пасьля гэтага на тэрыторыю Ўкраіны з тэрыторыі Беларусі прыляцела больш за 600 ракетаў. Украіна мае поўнае і бясспрэчнае права абараняць сваю тэрыторыю і стрымліваць магчымы напад. Так, мы ведаем, што колькасьць расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі цяпер невялікая.

Але мы таксама ведаем, што Лукашэнка і Пуцін вырашылі разьмясьціць у Беларусі падразьдзяленьне, якое павінна ахоўваць расейскую ядзерную зброю. Гэта некалькі тысяч добра падрыхтаваных і добра ўзброеных байцоў, якія, відавочна, могуць выконваць розныя функцыі ва ўмовах расейска-ўкраінскай вайны. То бок беларуская прапаганда спрабуе перавесьці з хворай галавы на здаровую. Навошта Ўкраіне павялічваць фронт супрацьстаяньня з Расеяй на тысячу кілямэтраў? Якая ў гэтым для яе карысьць?

Што да расейскіх добраахвотнікаў, то пры ўсёй павазе да грамадзянаў Расеі, якія ўсьвядомілі неабходнасьць барацьбы з расейскім рэжымам, мушу адзначыць, што іх няшмат. Таму для прыцягненьня ўвагі да сябе яны прыдатныя, але наўрад ці змогуць штурмаваць хоць адзін райцэнтар на тэрыторыі Беларусі.

— А як вы думаеце, яны могуць па сваім жаданьні ажыцьцявіць рэйд у Беларусь?

— Усе яны вайскоўцы Ўзброеных сілаў Украіны (УСУ). Яны падпісалі адпаведныя кантракты, і іх дзеяньні рэгулююцца статутам УСУ. То бок што яны па сваёй волі возьмуць танкі і БТР і пойдуць у бок беларускай мяжы — гэта выглядае як дрэнны сцэнар навуковай фантастыкі. Гэта ў стылі казак Рыгора Азаронка.

— Я так разумею, што вашыя развагі тычацца і палку Каліноўскага?

— Ну, вядома, бо Галоўнаму ўпраўленьню разьведкі (ГУР) Міністэрства абароны Ўкраіны падпарадкоўваюцца і расейскія добраахвотнікі, і беларускія, і прадстаўнікі іншых дзяржаваў, якія ваююць у складзе двух інтэрнацыянальных легіёнаў. Варта адзначыць, што найбольшая колькасьць добраахвотнікаў — беларусы. Але варта нагадаць таксама, што ГУР не падтрымаў удзел беларускіх добраахвотнікаў у выбарах у Каардынацыйную раду беларускіх дэмакратычных сілаў. І калі ангажаваньня не было нават на такім узроўні, якія прычыны павінны быць у таго, каб беларускія добраахвотнікі штурмавалі рэзыдэнцыю Лукашэнкі?

— А чым, на ваш погляд, тлумачыцца такая нэрвовая рэакцыя беларускага боку? Ня толькі прапагандыстаў, але і вайскоўцаў. Войскі сьцягваюцца да мяжы зь беларускага боку, учора прагучала рэзкая заява новага начальніка Генштаба Паўла Муравейкі, які пагражаў нават ужываньнем ядзернай зброі. Яны сапраўды лічаць, што Ўкраіна рыхтуецца да нападу?

— Нагадаю, што начальнік Генштаба Муравейка — паводле адукацыі палітрук, палітработнік. Таксама нагадаю, што Ўладзімір Пуцін неаднаразова падкрэсьліваў, што Расея прыхільная нормам дамовы аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі. Гэта значыць, ніякага сумеснага кантролю над ядзернай зброяй, разьмешчанай у Беларусі, няма. Наколькі мне вядома, Гулевіч, папярэднік Муравейкі на пасадзе начгенштаба, быў дакладна не ў захапленьні ад пэрспэктывы ваяваць з Украінай. Але ёсьць такая расейская прымаўка «болтать — не мешки ворочать». І гэта добра паказвае ўзровень і вайсковую кампэтэнтнасьць цяперашняга начальніка Генштаба Ўзброеных сілаў Беларусі. Тое, што рэжым Лукашэнкі спрабуе рабіць прыемнае Пуціну, даўно не навіна. Але такім чынам, я думаю, ён таксама змагаецца за сваё захаваньне, таму што яго пазыцыі на дадзены момант далёка не такія моцныя, як яму хацелася б.

— А ядзерныя пагрозы генэрала Муравейкі Кіеў зусім не палохаюць?

— На маю думку, за ўвесь пэрыяд пасьля 25 сакавіка 2023 году, калі Пуцін абвясьціў пра намер разьмясьціць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі, не было доказаў фізычнай яе прысутнасьці ў Беларусі. Было зроблена ўсё, каб сусьветная супольнасьць паверыла, што яна там ёсьць. Але ніхто ня можа сказаць пра гэта дакладна. Аднак я не выключаю такой магчымасьці. Расея вельмі актыўна выкарыстоўвае практыку ядзернага шантажу. І Беларусь як малодшы палітычны партнэр ёй у гэтым падыгрывае.

— Вызваленьне пяцёх украінцаў і ўкраінак зь беларускіх турмаў сьведчыць пра тое, што нейкая камунікацыя паміж афіцыйным Менскам і Кіевам існуе. Што вы можаце сказаць наконт таго, наколькі яна шчыльная? Наколькі яна спрыяе больш адэкватнаму разуменьню беларускім бокам украінскіх намераў?

— Такая камунікацыя існуе. Яна існуе хаця б з той простай прычыны, што паміж нашымі краінамі існуюць дыпляматычныя адносіны. З аднаго боку, адносіны з Лукашэнкам кепскія. А зь іншага боку, стасункі зь любым чалавекам, дзякуючы якім загіне менш грамадзян Украіны, я лічу, апраўданыя. Трэба разумець, што няўдзел Беларусі ў вайне наўпрост прадухіліць гібель тысячаў беларусаў. І гэта, я лічу, станоўчае наступства гэтай камунікацыі.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG