Урад Украіны ўхваліў рашэньне аб выхадзе краіны з дамовы аб парадку мытнага афармленьні і мытнага кантролю за таварамі, якія перамяшчаюцца паміж дзяржавамі — удзельніцамі пагадненьня аб стварэньні зоны свабоднага гандлю.
Як паведаміў у сваім тэлеграм-канале прадстаўнік ураду ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны Тарас Мельнічук, рашэньне ўхвалілі праз поўнамаштабную збройную агрэсію Расеі супраць Украіны і ўдзел у ёй Беларусі.
Дамову аб мытным афармленьні і мытным кантролі тавараў падпісалі ў Ялце 8 кастрычніка 1999 году.
Украіна далучылася да гэтай дамовы ў лютым 2000 году з адным выключэньнем — краіна не прызнала палажэньняў дакумэнту, якія дапускаюць разгляд спрэчных пытаньняў у Эканамічным судзе СНД.
Дамова прадугледжвала спрошчаны парадак мытнага афармленьня тавараў, а таксама выкарыстаньне ўніфікаванай мытнай дакумэнтацыі. Дзеяньне дакумэнту працягваецца кожныя пяць гадоў, калі які-небудзь бок не паведаміць пра выхад зь яго.
Пасьля расейскага вайсковага ўварваньня, падтрыманага Аляксандрам Лукашэнкам і вайсковым кіраўніцтвам Беларусі, Украіна пачала працэс дэнансацыі або выхаду зь міжнародных пагадненьняў, падпісаных у межах СНД, а таксама двухбаковых — зь Беларусьсю і Расеяй.
Форум