Украінскі журналіст Дзьмітры Гардон у сваім YouTube-канале пракамэнтаваў заяву Лукашэнкі, які ўчора назваў яго «мярзотнікам» падчас сваёй 8-гадзіннай прэс-канфэрэнцыі.
9 жніўня падчас размовы з журналістамі Лукашэнка прапанаваў пасадзіць Гардона ў СІЗА за неабгрунтаваную балбатлівасьць.
«На пакрыўджаных ваду возяць — я не магу крыўдзіцца. Але тое, што ён мярзотнік, — гэта факт», — сказаў Лукашэнка.
Пазьней Дзьмітрый Гардон на сваім YouTube-канале адказаў на выказваньне Лукашэнкі:
«Я ня думаў, што вы пратрымаецеся год. Вы пратрымаліся год, гэта дзіўная гісторыя. Я думаў, што вас зьмятуць, зьнясуць, але, на жаль, беларусы аказаліся не такімі рашучымі, як украінцы», — заявіў журналіст.
У ходзе трансьляцыі Гардон адкаркаваў бутэльку раней падоранага яму Лукашэнкам бальзаму.
«Паколькі вашыя словы пра тое, што я мярзотнік, былі мне як бальзам на душу, я вып’ю беларускага бальзаму. Я хачу выпіць за тое, каб цудоўны народ брацкай Беларусі хутчэй стаў па-сапраўднаму свабодным. Каб да ўлады прыйшлі людзі, якія будуць любіць свой народ. Беларусы, за вас — беларускі бальзам ад Аляксандра Лукашэнкі», — сказаў журналіст.
Гардон адзначыў, што, на яго думку, Лукашэнка «незаконна выйграў выбары» і пасьля гэтага стаў іншым чалавекам. Па словах журналіста, беларускі лідэр называе сябе «бацькам нацыі», а сам «зьдзекуецца з уласнага народу».
«Я спадзяюся, што вы яшчэ нядоўга будзе прэзыдэнтам Беларусі», — сказаў Гардон, дадаўшы, што беларускі народ будзе сьвяткаваць вызваленьне ад Лукашэнкі.
«Вы сапраўдны дэспат, вы разбойнік у чыстым выглядзе», — дадаў Гардон і з гэтымі словамі выпіў поўную шклянку бальзаму, які яму падараваў Лукашэнка, і закусіў выпушчаным пад брэндам «Гардон» зэфірам.
«Цік-так. Чуеце, гадзіньнік цікае. Ваш, Аляксандар Рыгоравіч, гадзіньнік», — сказаў у канцы Гардон.
5 жніўня 2020 году Аляксандар Лукашэнка даў інтэрвію ўкраінскаму журналісту Дзьмітрыю Гардону.
Сярод іншага ён сказаў тады, што паведамленьне пра ўезд на беларускую тэрыторыю яшчэ адной групы «вагнэраўцаў» атрымалі з Украіны:
«Нас украінцы, спэцслужбы Ўкраіны папярэдзілі, што праз паўднёвую мяжу пранікла яшчэ адна група. Мы зараз іх шукаем па ўсёй Беларусі. Я, праўда, ня вельмі веру, што там іх сапраўды 30 чалавек перасеклі мяжу. Мы б іх знайшлі, калі яны, вядома, не сышлі ў Расею ці не вярнуліся назад ва Ўкраіну. На нашай тэрыторыі мы б іх даўно знайшлі, бо мы даўно напружаныя і ў гэтым кірунку дзейнічаем», — сказаў Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію ўкраінскаму журналісту Дзьмітрыю Гардону.