Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крытык кіраўніка Чачні паведаміў пра выкраданьне сваіх бацькі і братоў


Хасан Халітаў
Хасан Халітаў

Апазыцыйны чачэнскі блогер Хасан Халітаў, які жыве за мяжой, заявіў пра выкраданьне ў рэспубліцы ягонага бацькі і двух братоў. Ён баіцца, што кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў можа зладзіць над імі паказальную расправу.

Па словах Халітава, ягоных сваякоў выкралі 28 чэрвеня. Бацька блогера зьнік, калі выйшаў са сваёй хаты ў сяле Закан-Юрт, а братоў выклікалі для гутаркі ў Грозны, з тых часоў зь імі няма сувязі. Аўтамабіль аднаго зь іх пазьней вярнулі, але пусты.

Халітаў зьвязвае ўсё гэта са сваёй нядаўняй спробай пагаварыць з дачкой кіраўніка Чачні пра выкраданьні жыхароў рэспублікі.

«У апошні час я спрабаваў высьветліць лёс выкрадзеных маладых людзей. У мяне быў нумар дачкі Кадырава Айшат (займае пасаду намесьніцы старшыні ўраду Чачні. — РС). Я патэлефанаваў з пытаньнем да яе, але яна сказала, што я памыліўся нумарам. Хоць пры праверцы ў спэцыяльных прапановах гэты нумар падпісаны менавіта яе імем», — заявіў Халітаў карэспандэнту сайта Кавказ.Реалии.

Запіс размовы, як мяркуецца, з Айшат Кадыравай блогер апублікаваў на сваім ютуб-канале, але відэагостынг яго выдаліў, бо ў кадар трапіў мабільны нумар. Калі Халітаў выклаў відэа паўторна, яму з пагрозамі, як сьцьвярджае сам блогер, ператэлефанаваў Адам Кадыраў, сын кіраўніка Чачні, вядомы па зьбіцьці Мікіты Жураўля ў СІЗА Грознага.

«Калі раней выкрадалі маіх родных, пажылога бацьку звычайна вярталі ў той жа дзень. Цяпер ён і браты адсутнічаюць вельмі доўга, ніякай інфармацыі пра іх месцазнаходжаньне няма. Раней пры выкраданьні родных кадыраўцы спрабавалі ставіць нейкія ўмовы, напрыклад, патрабавалі выдаліць канкрэтны ролік. Цяпер няма ніякіх званкоў і ўмоў», — расказаў Халітаў.

Ён асьцерагаецца, што супраць ягоных родных могуць рэалізаваць пагрозы Рамзана Кадырава аб «крэўнай помсьце» у дачыненьні да членаў сем’яў тых, каго мясцовыя ўлады западозраць у датычнасьці да тэрарызму. З такой заявай кіраўнік Чачні выступіў пасьля тэрактаў у Дэрбэнце і Махачкале.

Улады Чачні і мясцовыя праваахоўныя органы заявы Халітава аб выкраданьні ягоных сваякоў не камэнтуюць.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG