Баўгарскія СМІ называюць новага патрыярха «русафілам» і прыхільнікам Крамля, у публічных выступах якога нярэдка гучалі тэзісы, блізкія да расейскай афіцыйнай прапаганды.
Ранейшы патрыярх Баўгарскай царквы Нэафіт памёр у сакавіку. Кандыдатамі на патрыяршы пасад сталі мітрапаліты Грыгоры, Данііл і Гаўрыіл. У першым туры за мітрапаліта Грыгорыя прагаласавалі 64 дэлегаты, за Данііла — 51, за мітрапаліта Лаўчанскага Гаўрыіла — 19. У другім туры за Данііла прагаласавалі 69 дэлегатаў, за Грыгорыя — 66, тры бюлетэні былі прызнаныя несапраўднымі, паведамляе баўгарская служба Радыё Свабода.
Патрыярх Данііл пасьля абраньня ўзьнёс малітву і дабраславіў баўгарскі народ. На цырымоніі прысутнічалі Сусьветны Патрыярх Варфаламей, які знаходзіцца ў канфлікце з Масквой, а таксама прэзыдэнт Баўгарыі Румэн Радэў.
Патрыярху Даніілу 52 гады, ягонае сьвецкае імя Атанас Нікалаў. Як адзначае баўгарская служба Радыё Свабода, Данііл рэзка крытыкаваў рашэньне ўладаў выправадзіць з Баўгарыі архімандрыта Расейскай праваслаўнай царквы Васіяна і двух іншых сьвятароў РПЦ па падазрэньні ў супрацоўніцтве з расейскімі спэцслужбамі. Данііл таксама адмовіўся асудзіць расейскае ўварваньне ва Ўкраіну і наракаў на тэндэнцыі «сеяць нянавісьць да аднаго з бакоў вайны, прызначанага адзіным і несправакаваным агрэсарам». Само ўварваньне ён не падтрымаў, заяўляючы, што выступае за мір.
Баўгарская праваслаўная царква — найбуйнейшая канфэсія ў краіне — не заняла афіцыйнай пазыцыі ў адносінах да вайны ва Ўкраіне, хоць патрыярх Нэафіт незадоўга да сьмерці асудзіў яе, пры гэты не згадаўшы Расею наўпрост.
У РПЦ заявілі, што Баўгарскую царкву ўзначаліў «мужны, прынцыповы герарх», «прыхільнік цесных сувязей паміж Баўгарскай і Рускай царквой».
Баўгарская праваслаўная царква падтрымлівае адносіны як з Сусьветным патрыярхатам, так і з РПЦ. Данііл публічна крытыкаваў патрыярха Варфаламея і падтрымліваў Маскоўскі патрыярхат. Сьвяты сынод Баўгарскай царквы аднак заявіў, што гэта не афіцыйная пазыцыя БПЦ.
Форум